Расійскія памежнікі дапамаглі ўкраінцам, якія адыходзілі пасля боя з бандай

Баевікі атакуюць украінскія памежныя пункты пропуску і з тэрыторыі Расіі, і з Украіны. У выніку, пасля аднаго з баёў 32 украінскіх памежніка з Даўжанскага апынуліся на расійскай тэрыторыі. Расійская прэса паведаміла, што ўкраінцы перайшлі на бок Расіі, але гэта не так. Украінскі афіцэр Alex Kovalevskiy напісаў у Facebook, як усё было насамрэч. Падрабязнасці ўражваюць.



Высвятляецца, што расійскія памежнікі прынялі ўкраінскіх калегаў, дапамаглі ім прадуктамі і медыкаментамі, параненым аказалі меддапамогу. Пасля гэтага ўкраінскія памежнікі па расійскай тэрыторыі пайшлі ва Украіну, на Аляксееўку.



Нешта падобнае адбылося і на памежным пункце пропуску Марынаўка, дзе ўчора ішлі баі. Расійскія памежнікі таксама аказалі дапамогу параненым украінцам і дазволілі іх вывезці праз расійскую тэрыторыю ў суправодзе аўтамабіляў ДАІ ва Украіну, на Успенку. Што да баевікоў, якія атакавалі ўкраінскіх памежнікаў, дык расіяне іх раззброілі і на аўтобусах вывезлі ўглыб сваёй тэрыторыі. Alex Kovalevskiy піша, што гэта былі інгушы і асеціны.
 

Фота — Reuters