Рампей дапускае магчымасць федэралізацыі Украіны
Ключавую ролю, на яго думку, адыгрывае тое, што Украіна павінна зблізіцца з Еўрапейскім Саюзам.
Еўрасаюз павінен знайсці такі варыянт для выхаду з украінскага крызісу, паводле якога яна павінна стаць дэцэнтралізаванай або федэралізаванай дзяржавай. Пра гэта гаворыцца ў заяве старшыні Еўрапейскага савета Германа ван Рампея, якую перадае УНІАН.
Ён зазначыў, што з часу прыняцця мінскіх дамоўленасцяў 5 верасня пра спыненне агню налічваецца 1000 загінулых. "Неабходна комплекснае рашэнне для Украіны, каб гэта была дэцэнтралізаваная (або федэралізаваная) дзяржава", — заявіў Рампей.
Ключавую ролю, на яго думку, адыгрывае тое, што Украіна павінна зблізіцца з Еўрапейскім Саюзам, у адпаведнасці з пажаданнямі большасці яе насельніцтва. Таксама Украіне трэба ўсталяваць правільныя адносіны з Расіяй, з якой яна падзяляе агульную гісторыю, культуру, мову.
Старшыня Еўрасавета заклікаў да вяртання палітычнага даверу ў дыялогу паміж бакамі. Ён выступіў за круглы стол у фармаце "Осла 1993" паміж ключавымі гульцамі. У іншым разе, на яго думку, наступствы ўкраінскага крызісу для Еўропы могуць быць такімі ж, як пры балканскіх войнах.
Фота — Reuters