Прысуд Атрошчанкаву, Новіку і Малчанаву не змянілі

Мінскі гарадскі суд пакінуў без зменаў прысуд Аляксандру Атрошчанкаву, Дзмітрыю Новіку і Аляксандру Малчанаву, якіх асудзілі да зняволення за ўдзел у Плошчы.

У калегію суда ўваходзілі суддзі — старшыня Камісараў, суддзі Камароўская і Хрыпач, паведамляе Радыё Свабода.

Адвакаты Атрошчанкава — Вадзім Мушынскі і Новіка — Андрэй Санковіч у сваіх выступах папрасілі адмяніць прысуд.

Мушынскі спаслаўся на тое, што доказаў віны Атрошчанкава фактычна няма. Ён згадаў відэазапіс, на якім бачна, што Атрошчанкаў знаходзіцца ў натоўпе непадалёк ад двярэй Дома ўрада, але не робіць ніякіх дзеянняў, каб уварвацца ў будынак.

Адвакат Санковіч адзначыў, што яго падабароннаму Новіку не інкрымінавалася нанясенне нейкага пашкоджання Дому ўрада, хоць гэта пазначана ў прысудзе.

Адвакаты таксама адзначылі, што, выносячы прысуд Алесю Атрошчанкаву, Дзмітрыю Новіку і Аляксандру Малчанаву, суд не скарыстаў артыкулы, якія дазваляюць даць меншае пакаранне альбо прызначыць пакаранне з адтэрміноўкай. На гэтай падставе яны папрасілі змяніць прысуд.

Пракурор Маладцова заявіла, што доказаў дастаткова, і папрасіла пакінуць прысуд без зменаў.

Нагадаем, 2 сакавіка суд Фрунзенскага раёна Мінска прыгаварыў Аляксандра Атрошчанкава да чатырох гадоў зняволення ў калоніі ўзмоцненага рэжыму, Дзмітрыя Новіка — да трох з паловай гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму, Аляксандра Малчанава — да трох гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму. Усе яны прызнаны вінаватымі ва ўдзеле ў масавых беспарадках. Малчанаў таксама прызнаны вінаватым ў здзеку над дзяржаўнымі сімваламі.