Прыкладна палова жыхароў Беларусі ў рэгіёнах пазбаўлена даступнай медыцыны

Доктор

"Белыя халаты" прачыталі закрытую справаздачу міністра аховы здароўя Беларусі / pixabay.com

Прыкладна палова жыхароў Беларусі ў рэгіёнах пазбаўлена даступнай медыцынскай дапамогі, паведамляюць "Белыя халаты" са спасылкай на закрытую справаздачу міністра аховы здароўя Беларусі Дзмітрыя Хаджаева аб стане медыцыны ў краіне па выніках 2024 года.

З 100% пацыентаў з вострым каранарным сіндромам [рэзкае пагаршэнне крывацёку сэрца, патэнцыйна смяротны стан. — Еўрарадыё], толькі 59,6% былі дастаўлены непасрэдна ў ангіяграфічныя аперацыйныя [дзе ёсць абсталяванне для візуалізацыі сасудаў у рэальным часе і правядзення аперацый на сэрцы і сасудах. — Еўрарадыё], паведамляюць "Белыя халаты".

У Беларусі дзейнічаюць 12 цэнтраў з ангіяграфіяй, з іх 10 працуюць кругласутачна. Гэта ахоплівае толькі 30,2% насельніцтва. З улікам буйных гарадоў — можа быць 60%.

Рэперфузійную тэрапію пры інсультах атрымліваюць толькі 11,9–13,3% пацыентаў. Астатнія знаходзяцца на "спецыялізаваных" ложках, атрымліваюць прэпараты без даказанай эфектыўнасці, а пасля выпісваюцца дадому на догляд родным, нават калі гэта цяжкія інваліды.

Пасляінсультнай рэабілітацыі ў Беларусі фактычна няма, падкрэсліваюць "Белыя халаты".

Дзяржаўныя аптэкі на вёсцы стратныя, а прыватных там няма. Міністр Хаджаеў называе прычынай недаступнасці лекаў у сельскай мясцовасці "пераважанне насельніцтва з нізкім узроўнем даходаў".

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.