Польская эліта абараняе Пачобута

Ежы Бузэк, старшыня Еўрапарламента, заявіў, што "з сумам пачуў навіну пра выстаўленне абвінавачання Андрэю Пачобуту", паведамляе belaruspartisan.org

"Дзейнасць пракуратуры Беларусі з’яўляецца яшчэ адным ударам па свабодзе выказвання меркавання і дэмакратычнай апазіцыі. Відавочна, што рэпрэсіі свядома супалі з святкаваннем Дня Волі ў Беларусі. Гэта відавочная праява слабасці рэжыму. Я заклікаю ўлады ў Мінску неадкладна зняць абвінавачанні супраць Андрэя Пачобута", — сказаў старшыня Еўрапарламента.

"Дарагі Андрэй, вы не адзінокі ў гэтай бітве. Вы можаце разлічваць на поўную падтрымку Еўрапейскага парламента", — звярнуўся Ежы Бузэк да Пачобута.

Міністр замежных справаў Польшчы Радаслаў Сікорскі таксама падтрымаў Пачобута."Мы падтрымліваем і будзем падтрымліваць Пачобута і іншых абаронцаў свабоды слова ў Беларусі. На шчасце, іх колькасць няўхільна расце. Аднойчы яны перамогуць", - сказаў Сікорскі.

Сёння ўсе польскія газеты выйшлі з артыкуламі, прысвечанымі справе Пачобута.