“Піўны метал”: што такое “Hangover in Minsk” і як спяваць пра страты — эфір

Гурт "Hangover in Minsk"

Гурт "Hangover in Minsk"

На айчыннай метал-сцэне з’явіўся новы гурт — “Hangover in Minsk”. Больш за тое, гэта такі адмысловы праект, які самі музыкі называюць “фестывальным DSBM з жаночым вакалам з Польшчы/Беларусі”. Гурт “Hangover in Minsk” быў створаны ў стане пахмелля пасля фестывалю “Dark Easter Metal Meeting 2024”. Усё пачалося з жартаў пра “дэпрэсіўны піўны метал” падчас 12-гадзіннай паездкі з Мюнхена ў Варшаву. І працягнулася дэбютным альбомам “Party Is Over” з удзелам гасцей Déhá і Кіма Карлсана, які выйшаў 16 красавіка 2025. 

“На першы погляд можа падацца, што гэта бестурботны альбом пра п’янку. Але насамрэч гэта гісторыя страты. Гэта музыка пра спробу патапіць свой боль у алкаголі — і ў нейкі момант табе нават становіцца крыху весела. Ты сыходзіш у запой, бо здаецца, што губляць ужо няма чаго. Але ў выніку пахмелле ўсё адно наганяе цябе,” — кажуць музыкі, адстаўляючы пустыя келіхі... 

Як насамрэч нарадзілася ідэя гурта “Hangover in Minsk” і ці варта таго яно было? Ці сапраўды існуе такі музычны стыль, як “дэпрэсіўны піўны метал” і ці маюць музыкі рэцэпт ратавання ад пахмелля? Як прыхільнікі сустрэлі новы праект і ці мае ён перспектывы на заходняй метал-сцэне? На гэтыя ды іншыя пытанні ў жывым эфіры Еўрарадыё адказваюць заснавальнікі і ўдзельнікі гуртоў “Hangover in Minsk” і “Dymna Lotva” Кацярына Манкевіч і Яўген Чаркасаў.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.