Пасля ўкраінскага палону расіяне лекуюцца ў Беларусі — Шаўцоў

Расійскія палонныя пасля абмену, ілюстрацыйнае фота

Расійскія палонныя пасля абмену, ілюстрацыйнае фота / праект "Хачу жыць"

Расійскіх салдатаў, якія вяртаюцца з украінскага палону, пакідаюць на лячэнне на тэрыторыі Беларусі. Пра гэты бок беларускай дапамогі расійскай вайсковай машыне нечакана распавёў дэпутат Палаты прадстаўнікоў і кіраўнік беларускага Чырвонага крыжа Дзмітрый Шаўцоў.

"Паглядзіце, якімі хлопцы вяртаюцца з палону ва Украіне. Знясіленыя, галодныя, хворыя. Ёсць тыя, хто да вяртання на радзіму на пэўны час застаюцца ў Беларусі, каб ім спачатку аказалі высокакваліфікаваную медыцынскую дапамогу", — пахваліўся ён.

На экране тым часам паказваюць расійскіх вайскоўцаў, якія вярнуліся з украінскага палону. Яны не адпавядаюць апісанню Шаўцова.

Абмены палоннымі паміж Расіяй і Украінай адбываюцца ў Гомельскай вобласці Беларусі — непадалёк ад месца, дзе сыходзяцца межы трох краінаў. Украінцы адразу ж забіраюць сваіх і аўтобусамі вязуць дадому. А некаторыя расіяне, аказваецца, робяць прамежкавы прыпынак у беларускіх лякарнях.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.