Памёр 44-гадовы палітвязень з Быхава
Віталь Бычкоў / фота з яго старонкі ў "Аднакласніках"
Ва ўзросце 44 гадоў памёр палітвязень з Быхава Віталь Бычкоў. Два гады таму мужчыну асудзілі па палітычных матывах.
Як высветліла "Наша Ніва", Бычкоў родам з пасёлка Колас Быхаўскага раёна, які пазней далучылі да Быхава. Як вынікае з сацсетак і расійскіх базаў, ён перыядычна ездзіў працаваць у Расію па розных рабочых спецыяльнасцях.
У 2022 годзе мужчыну асудзілі абвінаваціўшы па артыкуле 364 Крымінальнага кодэкса — "гвалт або пагроза гвалту ў дачыненні да міліцыянта", дадаўшы пасля гэтага ў спіс "асобаў, датычных да экстрэмісцкай дзейнасці".
Прысуд Бычкову невядомы, як і акалічнасці справы. Большасць палітычных крымінальных спраў па гэтым артыкуле звязаная з каментарамі ў сацсетках і месенджарах.
У "спісе экстрэмістаў" пра Бычкова пазначана, што ён "адбывае пакаранне". Гэта азначае, што мужчыну маглі прысудзіць тэрмін у калоніі альбо "хімію" з накіраваннем.
Памёр Віталь Бычкоў 28 кастрычніка 2024 года. Паводле інфармацыі Digital Intelligence Team, прычынай яго смерці стаў інсульт. Застаенцца невядомым, ці адбыў ён пакаранне цалкам.