Паміж еўракабінетамі чыноўнікаў і халупамі ўцекачоў

Больш як поўстагоддзя палесціна-ізраільскія перамовы не прыносяць плёну. І нават дапамога такіх пасярэднікаў, як ЗША, Еўрасаюз, ААН і Расія не набліжае спыненне канфлікту. Тым часам, толькі па афіцыйных звестках ААН, статус палесцінскіх уцекачоў мае 4,7 млн чалавек. І большасць з іх жыве альбо ў лагерах уцекачоў на тэрыторыі Ізраіля, альбо ў Сектары Газа, перадаючы гэты статус сваім дзецям. Як цвердзяць прадстаўнікі палесцінскай адміністрацыі, сёння амаль 50% уцекачоў, што жывуць у лагерах — гэта дзеці да 16 гадоў. І жыццё іх — жыццё ў галечы.





У лагеры уцекачоў “Ал-Амары” жыве больш за 7,5 тысяч чалавек. Лагер знаходзіцца ў горадзе Рамала, зусім непадалёк ад Іерусаліма. Як расказаў карэспандэнту Еўрарадыё дырэктар школы лагера Мухамед Зэйда, лагер “Ал-Амары” быў створаны палесцінцамі ў 1948 годзе. На другім годзе араба-ізраільскай вайны 1947-49 гадоў. А ўжо ў 1953-м тут пабудавалі цэнтр для моладзі.

Мухамед Зэйда:
Але наш цэнтр быў зачынены падчас першай інціфады (паўстанне палесцінцаў супраць ізраільскай акупацыі ў 1987-91 гг.— ЕРБ). Ён быў акупаваны ізраільскімі войскамі і тут было разбурана ўсё, што толькі магчыма. А наноў яго адчынілі ў 1994 годзе, калі ўлада вярнулася. А наш цэнтр неабходны моладзі для таго, каб было дзе займацца спортам, мастацтвам і музыкай”.

Неабходнасць у такім цэнтры відавочная: каля 65% насельніцтва лагера — дзеці да 16 гадоў. І іх трэба нечым і недзе заняць. Справа ў тым, што ў лагеры рэдка сустракаюцца кватэры ў некалькі пакояў. Найчасцей гэта невялічкія аднапакаёвыя кватэркі, дзе месцяцца ў сярэднім па чатыры-пяць чалавек.ды і паміж дамамі такія невялікія праходы, што і пагуляць асабліва няма дзе.







Мухамед Зэйда:
“Паглядзіце, як блізка месцяцца дамы адзін да другога! Гэта страшна. Калі хто-небудзь захварэе, то хуткая дапамога не мае магчымасці пад’ехаць. І тады хворага даводзіцца выносіць на руках. І несці найчасцей даводзіцца вельмі далёка”.

Да ўсяго, у цэнтры ёсць з чым гуляць: які-ніякі спортінвентар, фарбы для малявання, музычныя інструменты. Бацькі не маюць ніякай магчымасці набыць штосьці з гэтага сваім дзецям.





Мухамед Зэйда: “Эканамічнае становішча жыхароў лагера вельмі дрэннае. Справа ў тым, што раёны пражывання палесцінцаў зачыненыя знутры. І тут проста няма ўстаноў, якія маглі б прадаставіць працу ўцекачам”.

Дапамога міжнароднай супольнасці палесцінскім уцекачам складае 92 долара на чалавека. А гэтага, пры існуючых у Ізраілі коштах на прадукты, нават на тое, каб нармальна харчавацца, катастрафічна не хапае.





Карэспандэнт Еўрарадыё паблукаў па вузкіх праходах-вулачках лагера ўцекачоў  “Ал-Амары”. І крыху пагутарыў з яго непаўнагадовымі жыхарамі, якіх і сапраўды вельмі шмат. З размоваў вынікае, што палесцінская моладзь баіцца двух рэчаў: на ўсё жыццё застацца ўцекачом і не знайсці працы.



Што тычыцца першага страху, то ў выпадку з палесцінцамі сітуацыя склалася ўнікальная —калі ў любой іншай краіне свету чалавек найбольш знаходзіцца ў статусе ўцекача 5-7 гадоў, то тут ён перадаецца ад бацькоў дзецям. Пачынаючы з 1947 года ўцекачамі вырасла некалькі пакаленняў палесцінцаў.



З працай сітуацыя таксама вельмі складаная. На арабскіх тэрыторыях знайсці яе вельмі складана. А на ізраільскую тэрыторыю — не патрапіць. Праход толькі па прапусках, а іх улады выдаюць вельмі неахвотна.



Праўда, у былога міністра працы Палесцінскай нацыянальнай адміністрацыі Гасана Кхаціба настрой з гэтай нагоды вельмі аптымістычны.

Гасан Кхаціб: “У гэтым годзе мы з’яўляемся сведкамі паляпшэння эканамічнага становішча на Заходнім беразе. Мы ажыццявілі эканамічны рост у памеры 8%. Мы здолелі зменшыць беспрацоўе з 25 да 15%. Праўда, тычыцца гэта толькі Заходняга берага, а не Сектара Газа. Бо там да гэтага часу вельмі высокае беспрацоўе, а эканамічнае развіццё абмежаванае”.



Па яго словах, бюджэт ПНА складае 4 мільярды долараў у год. Зразумела, што грошы патрэбныя шмат на што. Але вельмі дзіўна было выйсці з вузкіх завулкаў лагера “Ал-Амары” і праз некалькі сот метраў натрапіць на будаўнічую пляцоўку шыкоўнага шматпавярховага гмаха. Як высветлілася, гэта будуецца памяшканне для ўрада Палесціны. Еўракабінеты чыноўнікам з відам на халупы зямлякоў-уцекачоў.



Фота: Змітра Лукашука