Пакрыўджаныя беларусы накіравалі на Народны сход 80 тэлеграм са скаргамі
Тэматыка зваротаў звязаная з працай судоў, пракуратуры, КДБ, Адміністрацыі прэзідэнта…
6 снежня людзі з розных куткоў Беларусі адправілі ўдзельнікам IV Усебеларускага сходу каля 80 тэлеграм са скаргамі. Атрымалася невялікая акцыя: яны сабраліся на мінскім Паштамце і даслалі свае звароты разам.
“Тэматыка амаль усіх тэлеграм у нас была — па працы судоў, пракуратуры, КДБ, Адміністрацыі прэзідэнта… Пра тое, што людзі доўгія гады ходзяць і не могуць дамагчыся справядлівасці ў гэтай краіне”, — распавядае Еўрарадыё адна з удзельніц акцыі Раіса Крачко.
Тэлеграмы адпраўлялі ў Палац Рэспублікі па адрасе: Кастрычніцкая пл., 1. У графе “Каму” пісалі: “Удзельнікам IV Усебеларускага сходу і асабіста Аляксандру Лукашэнку”.
“Прыйшло паведамленне. Тэлеграма ўручаная 6 снежня ў 13:15 намначальніка ўпраўлення справаводу Святакуму, такое прозвішча”, — распавядае яшчэ адна удзельнца акцыі, Людміла Самусенка.
Значыць, тэлеграмы былі дастаўленыя.
“Але тады, калі яны былі дастаўленыя, — чаму сёння перадаюць па АНТ, што 150 чалавек даслалі тэлеграмы, і, у асноўным, яны датычацца пытанняў жыллёва-камунальнай гаспадаркі? Якая ЖКГ?! Толькі ў нас акцыя недзе на 80 тэлеграм, ніяк з ЖКГ не звязаных!”, — працягвае Людміла Валянцінаўна.
Сапраўды, слухаем АНТ:
“Яшчэ каля 150 чалавек накіравалі ўдзельнікам сходу тэлеграмы. Традыцыйна большасць зваротаў датычыцца пытанняў прыватызацыі, сацыяльнага забеспячэння, ЖКГ”.
“І маўчанне, — скардзіцца Людміла Самусенка. — Да нас нікому няма справы! У нас дзве Беларусі… Беларусь прывілеяваная, аблашчаная, падкормленая. Гэта спартоўцы, артысты… Я іх вельмі паважаю — але, прабачце, ёсць проста людзі. Звычайныя людзі! І гарант іх правоў — адзін гарант на ўсіх. Дык дзе ён, гэты гарант? Мы не можам яго знайсці…”