Пад Славянскам зноў ідуць баі з тэрарыстамі

Як паведамляе УНІАН, да нядаўняга часу перавага была на баку баевікоў. Але потым стала вядома , што ўкраінскія сілавікі атрымалі падмацаванне і ўзмацніліся дадатковай ваеннай тэхнікай.



Журналіст "Комсомольской правды" Аляксандр Коц паведамляе, што з поля бою вывозяць параненых баевікоў.  Медыкі Славянска пацвердзілі, што сёння ў траўматалагічнае аддзяленне больніцы Леніна ўжо паступілі два параненыя.



Тым часам міністр унутраных спраў Украіны Арсен Авакаў паведамляе, што ў баях каля Славянска 5 траўня загінулі ўкраінскія байцы. Дакладная колькасць загінулых удакладняецца, але вядома, што сёння пацярпелі ў перастрэлцы да васьмі ўкраінскіх сілавікоў.



Баі сёння вядуцца на процілеглых пад'ездах да горада. З боку Краматорска ўкраінскія сілавікі захапілі тэлевежу, а з боку Харкаўскай вобласці яны выявілі засаду, у якой было каля 800 узброеных баевікоў. Тыя адкрылі агонь па ўкраінскіх вайскоўцах.



Фота — @sashakots