Па Гродне пранеслі велізарнае распяцце Хрыста (фота)
Крыжовае шэсце прайшло, не зважаючы на дождж.
Некалькі соцень вернікаў з малітвамі і спевамі прайшлі 28 сакавіка па цэнтры Гродна — ад Фарнага касцёла да Бернардынскага. Па традыцыі Крыжовы шлях пачаўся пасля імшы ў Фарным касцёле.
Не спалохаўшыся дажджу, гродзенская моладзь разам са святарамі з розных парафій выйшла на вуліцу з вялікім распяццем і паходнямі. Працэсія зрабіла 14 прыпынкаў, якія сталі сімваламі шляху Ісуса Хрыста падчас узыходжання на Галгофу. Скончылася шэсце ў скверы ля Бернардынскага касцёла, які сімвалічна стаіць на ўзвышшы. Па дарозе каталіцкая моладзь несла крыжы, на якіх былі напісаныя смяротныя грахі і цноты.