Новы будынак Нацыянальнага гістарычнага музея збіраюцца пабудаваць у 2027 годзе

Праект новага Нацыянальнага гістарычнага музея / БЕЛТА
Новы будынак Нацыянальнага гістарычнага музея Беларусі збіраюцца пабудаваць у 2027 годзе. Побач будзе парк "народнага адзінства". Адпаведны ўказ падпісаў Аляксандр Лукашэнка. Будаўніцтва распачнецца ўжо сёлета. Да яго прыцягнуць студэнцкія атрады, паколькі аб'яўлена "ўсебеларуская маладзёжная будоўля".
Будынак музея ўзвядуць паміж праспектам Пераможцаў, Арлоўскай вуліцай і Свіслаччу. Летась гаворка ішла, што будаўніцтва скончыцца восенню 2026-га. Але, як бачым, заканчэнне будоўлі перанеслі на 2027 год.
Пра тое, што Лукашэнка хоча пабудаваць "музей гісторыі Беларусі", стала вядома ў чэрвені 2024-га. Ён прапаноўваў узяцца за "новы знакавы аб'ект" Кітаю. Перад гэтым стала вядома, што мінскія ўлады разглядалі варыянт размяшчэння Нацыянальнага гістарычнага музея Беларусі, які займае будынак на вуліцы Карла Маркса (і ён замалы для яго фондаў), у адрэстаўраваным Пішчалаўскім замку (былым мінскім СІЗА № 1 на Валадарскага). Але ад такога варыянту ў выніку адмовіліся.
У пачатку восені мінулага года было аб'яўлена, што новы гістарычны музей Беларусі пабудуюць на ўскраіне — на тэрыторыі, дзе раней размяшчаўся парк "Дрымлэнд" (гэтае месца Лукашэнка лічыць "цалкам аптымальным"). Тады праект будынка, які паўтарае контуры карты Беларусі, і канцэпцыю экспазіцыі паказалі Аляксандру Лукашэнку. Ён запатрабаваў, каб у ёй не было "ніякага нацыяналістычнага або ўра-патрыятычнага перахлёсту".
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.