Ніхто не трымае: Барэль цвёрда адказаў Орбану на крытыку Еўрасаюза

Жазеп Барэль / GETTY IMAGES
Кіраўнік дыпламатыі ЕС Жазэп Барэль цвёрда адказаў прэзідэнту Венгрыі Віктару Орбану на крытыку аб'яднання.
На гэтым тыдні венгерскі лідар параўнаў знаходжанне Венгрыі ў ЕС з савецкай акупацыяй. Ён зрабіў такую заяву, выступаючы ў дзень гадавіны вугорскага паўстання 1956 года супраць савецкай улады.
"Праўду кажучы, я не бачу ніякага падабенства паміж савецкай акупацыяй Будапешта і тым, што адбываецца ў Берлямоне (штаб-кватэра Еўракамісіі). Я не бачыў ніводнага танка там. Ніхто не абавязвае Венгрыю быць членам ЕС", — цытуе Барэля выданне РБК Украіна.
Орбан не ўпершыню параўноўвае ЕС з Савецкім Саюзам. Год таму ён ужо заяўляў, што Еўрасаюз у канчатковым выніку стане падобным на СССР.
“Сёння ўсплываюць рэчы, што напамінаюць нам пра савецкія часы. Так, бывае, што гісторыя паўтараецца. На шчасце, тое, што некалі было трагедыяй, зараз у лепшым разе ператварылася ў камедыю. На шчасце, Брусель – гэта не Масква. Масква была трагедыяй. Брусель — гэта проста дрэнная сучасная пародыя”, — сказаў Орбан у гэты панядзелак.
На мінулым тыдні вугорскага прэзідэнта знялі за поціскам рукі з Уладзімірам Пуціным. Гэта першы здымак поціску рукі Пуціна і еўрапейскага лідара з моманту ўварвання Расіі ва Украіну ў лютым 2022 года.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.