Незнаёмец з пісталетам зазірнуў на дзень нараджэння да жыхара Баранавічаў
Пісталет, ілюстрацыйнае фота / pixabay.com
Надоўга запомніцца 67-гадоваму жыхару Баранавічаў незвычайны дзень нараджэння. Падчас святкавання ў двары аб'явіўся незнаёмы мужчына з пісталетам і наставіў зброю на імянінніка, паведамляе УУС Брэсцкага аблвыканкама.
Гаспадар дома зрэагаваў хутка: выбіў зброю з рук візіцёра і трымаў яго да прыезду міліцыі.
Выявілася, што ў госці да імянінніка зазірнуў 34-гадовы раней судзімы мужчына. Праходзячы міма незнаёмага яму дома, ён пачуўшы, што там нешта святкуюць, і вырашыў зазірнуць на агеньчы. Падчас здарэння ён быў п'яны.
Візіцёр расказаў, што заўжды носіць з сабой газабалонны пісталет. На момант інцыдэнту ён не быў зараджаны. Прычыну свайго ўчынку наведнік не змог растлумачыць. На яго пачалі крымінальную справу за пагрозу забойствам.