Неапазнаны аб'ект прыляцеў у Польшчу з Беларусі ці Украіны — і выбухнуў

Дрон, фота ілюстрацыйнае

Дрон, фота ілюстрацыйнае / facebook.com/GeneralStaff.ua

На ўсходзе Польшчы ўпаў і выбухнуў неапазнаны аб'ект. Імаверна, ён прыляцеў з беларускай ці ўкраінскай тэрыторыі.

Паліцыя атрымала паведамленне пра "выбух, падрыў" у горадзе Асіны Люблінскага ваяводства а 2-й гадзіне ўночы. Падчас агляду тэрыторыі паліцэйскія знайшлі металічныя і пластыкавыя часткі невядомага аб'екта. На месцы яго падзення ў кукурузным полі ўтварылася варонка.

Сярод абломкаў быў знойдзены і прадмет, падобны да прапелера. Цяпер месца здарэння ачэпленае.

Ад выбуху ніхто не пацярпеў — толькі вылецелі вокны і дзверы ў гаспадарчай пабудове.

"Дзе радары, чорт іх разбяры? — абураюцца ў каментарах палякі. — У нас жа нібыта ёсць нейкі самалёт ранняга выяўлення AWACS? Яго паказвалі ў Варшаве [на парадзе] 15 жніўня".

"Чаму ніхто не выяўляе такія аб'екты за 100 км ад мяжы і чаму ніхто яго не збівае??? Ці варта нам баяцца гэтага і ў цэнтральнай Польшчы?" — пытаюцца каментатары.

Раней падобны інцыдэнт здарыўся ў Літве. Напрыканцы ліпеня беспілотнік зафіксавалі над тэрыторыяй краіны, ён кружыў над ёй нейкі час, а потым пацярпеў крушэнне. Вайскоўцы шукалі яго амаль тыдзень. Яго знайшлі на палігоне Гайжунай Ёнаўскага раёна. Ад мяжы з Беларуссю да гэтага палігона-каля 130 кіламетраў, ад Калінінграда — каля трохсот.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.