Неафіцыйны “Саюз палякаў” адсвяткаваў Казюкі

Сёлета афіцыйна “Саюз палякаў” са свайго офіса перамясціўся ў памяшканне Генеральнага консульства Польшчы. Аднак нават зала дыпламатычнага прадстаўніцтва не здолела змясціць усіх майстроў з іх вырабамі.

Як зазначыла выканаўца абавязкаў старшыні СПБ Анжаліка Арэхва, з-за браку месца ў кірмашы ўдзельнічаюць толькі некалькі дзясяткаў рамеснікаў.
 
Кожны з ганаровых гасцей кірмаша, польскіх дыпламатаў, асобна павітаў старшыню Рады “Саюза палякаў” Анджэя Пачобута. Генеральны консул Анджэй Хадкевіч парадаваўся, што “нарэшце пан Анджэй пасля часовай адсутнасці тут з’явіўся! Вельмі прыемна бачыць яго на свабодзе”. Пасол Сейма Ян Дзедзічак зазначыў, што “калі калі пан Анджэй змяніў сваё месца пражывання”, у Польшчы гэта была важная навіна ў СМІ.

Нагадаем, старшыня Рады “Саюза палякаў” і карэспандэнт “Газеты Выборчай” Анджэй Пачобут да 25 лютага адбываў адміністрацыйнае пакаранне за ўдзел у несанкцыяванай акцыі 19 снежня ў Мінску.

Вітаючы гасцей Казюкаў, Ян Дзедзічак ўзгадаў пра прынятую рэзалюцыю па Беларусі ў польскім Сейме (http://euroradio.fm/node/10820). “У гэтым пытанні левіца не спрачалася з правіцай. Не было ніводнага голасу супраць. Мы адчуваем сябе разам з вамі!” - паведаміў пасол.