Не менш за 20 выпадкаў, калі беларусаў не ўпусцілі ў Беларусь — BYPOL
"Нейкія да яго асобы падазрэнні ўзнікаюць, і прымаецца рашэнне не пускаць яго ў Беларусь" / vk.com/gpkgovby
Апошнім часам на межах Беларусі ўзмоцнены кантроль, некаторых людзей, якія вяртаюцца на радзіму, затрымліваюць. Але вядома і пра не менш за 20 выпадкаў, калі беларусаў не ўпусцілі ў Беларусь. Пра гэта "Зеркалу" распавёў прэс-сакратар BYPOL Аляксандр Кабанаў.
"Шмат сітуацый, калі чалавеку прад'явіць і няма чаго, але нейкія да яго асобы падазрэнні ўзнікаюць, і прымаецца рашэнне не пускаць яго ў Беларусь. Прычын не тлумачаць, — кажа Кабанаў. — Уся інфармацыя прыходзіць нам у чат-боты, калі, напрыклад, хтосьці на мяжы назірае, як чалавека абшукваюць, адводзяць кудысьці, а праз час яго машыну разварочваюць. Ёсць і тыя, хто сам нам пісаў, што правяралі пашпарт, глядзелі нейкую базу звестак, а пасля апытання не пусцілі ў краіну".
Канкрэтных прыкладаў прадстаўнік BYPOL не прыводзіць. Ён мяркуе, што прычынай праверак, затрыманняў і адмоваў ва ўездзе на мяжы з'яўляецца спроба не прапусціць "дыверсантаў", пра якіх кажуць і прадстаўнікі рэжыму, і прапаганда. Пры гэтым сілавікі на мяжы працуюць не сістэмна, адзначае Аляксандр Кабанаў. Паводле яго слоў, яны яшчэ не прызвычаіліся да такой працы ("фільтрацыі").