МНС не плануе кантраляваць роўпджампераў

МНС не плануе кантраляваць роўпджампераў

Міністэрства надзвычайных сітуацый не плануе ліцэнзаваць дзейнасць роўпджампераў ці нейкім чынам кантраляваць бяспеку падчас скачкоў на вяроўцы. На думку афіцыйнага прадстаўніка МНС Віталя Навіцкага, гэта папросту немагчыма:

"Роўпджампінг — гэта толькі адзін з відаў экстрымальных забаў, а іх з кожным годам робіцца ўсё больш і больш. Рэгуляваць падобную сферу наўрад ці магчыма ў любой краіне свету, — лічыць Віталь Навіцкі. — Ёсць атракцыёны, якія вырабляюцца прамысловым спосабам з адпаведнымі сертыфікатамі бяспекі. І гэта тэма для рэгулявання дзяржавай: праверка спраўнасці, падрыхтоўка персаналу і іншае. А ёсць абсалютна любыя віды экстрымальных забаў. Усе апісаць немагчыма, бо ўвесь час прыдумляецца нешта новае. Існуе шмат відаў тых жа скачкоў: і з парашутамі, і з адмысловымі пускавымі прыладамі, і проста на вяроўках, і гэтак далей. Адпаведна, гэта проста пытанне таго, каму вы давяраеце сваё жыццё".

Большасць з тых, хто займаецца роўпджампінгам прафесійна, прайшлі альпінісцкую падрыхтоўку. Некаторыя арганізатары групавых скачкоў скончылі курсы прамысловых альпіністаў і маюць адпаведныя сертыфікаты. Аднак, як заўважае Віталь Навіцкі, "сертыфікат да скачкоў дачынення не мае".