Мінчук паўгода абкрадаў могілкі, каб было на што выпіць

Мінчук паўгода абкрадаў могілкі, каб было на што выпіць

У Мінску Следчы камітэт завяршыў расследаванне крымінальнай справы аб крадзяжах бронзавых вырабаў з могілак.

Як выявіла следства, з верасня 2017 года па студзень 2018-га 36-гадовы мінчук выкрадаў бронзавыя і латунныя вырабы з Кальварыйскіх і Усходніх могілак. Яго здабычай станавіліся вазы, кветкі, знічы, фігура птушкі, статуэтка анёла і фрагменты скульптурных кампазіцый: хакейнай клюшкі, кнігі і распяцця Хрыста. Агулам ён завалодаў маёмасцю на суму каля 17,7 тысячы рублёў. 

Крадзяжом з могілак мінчук займаўся ў цёмны час сутак, выкарыстоўваючы ліхтарык, мантыроўкі і магніт. Здабычу ён здаваў у пункты прыёму металалому. Атрыманыя грошы выдаткоўваў на спіртное.

Мужчыну затрымалі 24 студзеня 2018 года. Дома ў яго і ў скупшчыкаў другаснай сыравіны знайшлі частку крадзенай маёмасці на суму больш за 2,5 тысячы рублёў. Некаторыя з пацярпелых даведаліся пра крадзяжы і пабачылі рэчы, якія належаць ім, на ​фатаздымках ў СМІ, пасля чаго звярнуліся ў міліцыю. Некалькі канфіскаваных прадметаў застаюцца неапазнанымі. 

Мінчуку выставілі абвінавачанне крадзяжы, учыненым паўторна, у буйным памеры. Яго ўзялі пад варту.

Пракурор накіраваў крымінальную справу ў суд.