Мінчанкі сталі радзей і пазней нараджаць дзяцей

Колькасць родаў у Мінску скарацілася на траціну за апошнія гады

Колькасць родаў у Мінску скарацілася на траціну за апошнія гады / pixabay.com

За апошнія пяць гадоў колькасць родаў у Мінску скарацілася на траціну. Пры гэтым жанчыны ўсё часцей зацяжарваюць ва ўзросце 30-40 гадоў.

“У 2020 годзе ў сталіцы прынялі больш за 17 тысяч родаў, у 2024-м — крыху больш за 12 тысяч”, — распавяла ў інтэрв’ю Smartpress загадчыца 4-й жаночай кансультацыі 1-й клінічнай бальніцы Мінска і кіраўніца гарадскога цэнтра “Экстрагенітальная паталогія і цяжарнасць” Аляксандра Шкарупа.

І дадае, што цяпер 60% цяжарных у Мінску — гэта жанчыны ва ўзросце 30–40 гадоў.

Акрамя зніжэння нараджальнасці і росту ўзросту будучых маці, медыкі фіксуюць рост колькасці цяжарных з суправаджальнымі захворваннямі, якія могуць ускладняць ход цяжарнасці. У гарадскі цэнтр “Экстрагенітальнай паталогіі і цяжарнасці” накіроўваюць усіх жанчын Мінска з хранічнай гіпертаніяй, парокамі сэрца, захворваннямі шчытападобнай залозы, цукровым дыябетам і інш.

“Калі ў 2020 годзе да нас было перанакіравана каля 400 пацыентак, то ў 2024 годзе — ужо больш за 700,” — кажа Шкарупа.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.