Мінчанцы, асуджанай на 12 гадоў "за паўтары таблеткі экстазі", накінулі яшчэ год

Мінчанцы, асуджанай на 12 гадоў "за паўтары таблеткі экстазі", накінулі яшчэ год

Год таму ў Мінску на 12 гадоў пазбаўлення волі асудзілі мінчанку, у багажы якой пасля пералёта знайшлі паўтары таблеткі экстазі. Суд прызнаў яе вінаватай у кантрабандзе і незаконным абароце наркотыкаў. Гэты працэс выклікаў вялікі рэзананс, бо тэрмін зняволення падаваўся абсалютна непрапарцыянальным злачынству.

Дзяўчына ўжо год адбывае пакаранне, а тым часам у Кастрычніцкім раёне Мінска адбыўся яшчэ адзін судовы працэс, на якім яе абвінавацілі ў злачынствах, звязаных з арганізацыяй прастытуцыі. Як піша TUT.by, усяго разглядалася сем складаў злачынстваў. У выніку, з улікам ужо прызначанага пакарання, мінчанку прысудзілі да 13 гадоў калоніі агульнага рэжыму, са штрафам у 300 базавых велічынь і канфіскацыяй маёмасці.

Следства сцвярджае, што са снежня 2015 года па студзень 2016 года Дар'я Б. праз інтэрнэт уцягнула і спрабавала вывезці ў Эркан на Паўночным Кіпры для заняткаў прастытуцыяй 28-гадовую мінчанку. Таксама разам з саўдзельнікамі з Беларусі, Расіі і Украіны яна завербавала яшчэ больш за дзесяць беларусак, а таксама грамадзянак Лівана, Малдовы, Казахстана, Украіны і Расіі.

Усім ім яна распавядала, што працуе на Паўночным Кіпры ў начным клубе і мае вельмі добры заробак. Казала, што яе працадаўца крэдытуе авіябілеты ў абодва бакі, штотыднёвы медыцынскі кантроль, харчаванне, пражыванне. Адной з важных умоў была неабходнасць выплаціць клубу пазыку — $3000. Нібыта столькі кіраўніцтва клуба траціла на адну дзяўчыну. Рэальная сума была значна меншай, але праверыць выдаткі ніхто не мог, і дзяўчатам заставалася толькі верыць "працадаўцы" на слова. Да поўнай выплаты пазыкі нельга было адмовіцца ад заняткі прастытуцыяй і пакінуць клуб. 

"Праца" ў клубе пачыналася а 21-й гадзіне. Спачатку дзяўчаты танчылі стрыптыз, потым, калі падабаліся кліентам, аказвалі ім інтым-паслугі. За адну ноч у іх магло быць да 10 кліентаў. Прадугледжваліся выезды на вілы і ў гатэлі. Заробленыя грошы дзяліліся паміж клубам і дзяўчынай. Кліенты аплачвалі паслугі праз мэнэджэра, таму рэальных сумаў дзяўчаты не ведалі. У кожнай была свая цана, усё залежала ад іх знешнасці.