Міліцыянт: Само з’яўленне цыганоў наводзіць на думку, што нешта тут не тое

Быць пільнымі і звяртаць увагу на з’яўленне ў раёне цыган заклікаў жыхароў пасёлка Ўшачы і навакольных вёсак старшы оперупаўнаважаны Ушацкага РАУС Дзмітрый Жаўранак. Калі ж такія будуць заўважаныя — тэрмінова тэлефанаваць у міліцыю.


Такі зварот мясцовы міліцыянер днямі размясціў на старонках дзяржаўнай раёнкі з гучнай назвай “Патрыёт”.  У размове з Еўрарадыё ушацкі міліцыянер запэўніў, што ў яго звароце няма ніякай прадузятасці да цыган як нацыі — толькі клопат пра бяспеку мясцовых жыхароў.


Дзмітрый Жаўранак: “Ніякай дыскрымінацыі тут няма. Проста раскрываць злачынства, здзейсненыя грамадзянамі-гастралёрамі, вельмі складана. Цыганы ж у нашым раёне не жывуць увогуле — у асноўным з Расіі ў нас цыганы. Сваякоў у іх тут таксама ніякіх няма. А раён у нас не прамысловы. Такім чынам, само з’яўленне тут цыганоў наводзіць на думку, што нешта не тое тут. Тым больш, што яны вельмі часта займаюцца незаконнай прадпрымальніцкай дзейнасцю. І тут супрацоўнікам УБЭЗ (Упраўленне па барацьбе з эканамічнай злачыннасцю — Еўрарадыё) ёсць пра што падумаць у дадзеным выпадку”.


Згодна з яго словамі, такія “гастралёры” з’яўляюцца ва Ўшацкім раёне не радзей, як адзін-два разы на месяц. І ледзь не кожны такі візіт заканчваецца крымінальнай трагедыяй. Найчасцей, кажа оперупаўнаважаны, цыганы рабуюць пенсіянераў.


Дзмітрый Жаўранак: “Быў крадзеж грошай у адной з вёсак на раёне. Своечасова нам паведамілі (што бачылі цыганоў — Еўрарадыё). А той пенсіянер загадзя перапісаў нумары купюр. І вось такім чынам нам удалося раскрыць крадзеж дзякуючы своечасоваму паведамленню”.


Еўрарадыё пацікавілася, ці распрацаваны ва Ушацкім РАУС план дзеянняў на выпадак з’яўлення інфармацыі пра “несанкцыянаваную міграцыю” цыганоў па раёне. Як высветлілася, што рабіць у такім выпадку, у мясцовай міліцыі добра ведаюць. І кажуць, што ўсе іх дзеянні цалкам законныя.


Дзмітрый Жаўранак: “Мы дзейнічаем на падставе закона — маем права праверыць легальнасць іх знаходжання на тэрыторыі Беларусі. А таксама, калі ёсць падставы, можам правесці агляд аўтамабіля. Дзяжурны ўсю такую інфармацыю паведамляе мне, а мы ўжо вырашым: каго выдзяліць з супрацоўнікаў, каб праверыць іх на дачыненне да нераскрытых злачынстваў на тэрыторыі нашага раёна і ўвогуле вобласці. І ў выпадку неабходнасці — паставіць іх на ўлік. Вось такі план дзеянняў. Проста яны з’едуць з раёна і іх складана знайсці будзе”.


Міліцыянер сцвярджае, што жыхары раёна паставіліся да яго звароту "з разуменнем" і ўжо неаднаразова звярталіся да яго з інфармацыяй “па тэме”. Нават, кажа, дзякавалі, што міліцыя так клапоціцца пра іх маёмасць, спакой і дабрабыт.


Пацікавілася Еўрарадыё, як адрэагавалі на зварот мясцовага оперупаўнаважанага мясцовыя жыхары, і ў супрацоўнікаў газеты “Патрыёт”, дзе гэтая абвестка была надрукаваная. У аддзеле пісьмаў нам паведамілі, што ніякіх лістоў з гэтай нагоды ў рэдакцыю не прыходзіла і ніхто нават не тэлефанаваў, каб выказаць сваё меркаванне альбо паведаміць нейкую інфармацыю.


Супрацоўніца газеты: “У нас была рэакцыя толькі на сайце — абмяркоўвалі паміж сабой чытачы. А ў рэдакцыю ніхто не тэлефанаваў і не звяртаўся. Толькі адзін чалавек абураўся, а ўсе астатнія казалі, што, маўляў, папярэджваюць і добра. Яны ўсе (чытачы — Еўрарадыё) успрынялі не так, што: “Убачылі цыган — тэлефануйце, здавайце!”, а так, што калі да іх прыйдуць, то каб быць уважлівым. Вось так у нас успрынялі”.


І заўважыла, што апошнія некалькі гадоў у крымінальнай хроніцы вельмі рэдка з’яўляецца інфармацыя пра злачынствы, які здзейснілі цыганы. Раней гэта здаралася даволі часта. Відаць, зрабіла выснову супрацоўніца "Патрыёта", што дала плён праца мясцовай міліцыі па прафілактыцы “цыганскага злачынства”.