Лыжка мёду: Торт Лэдзі Дзі, канцэрт пад турмой і тысячы долараў за пакемонаў
Лыжка мёду на Еўрарадыё
Атрымаць ліст з дзяцінства ці кавалак пірага з вяселля Лэдзі Дзі? А можа быць, разбагацець на старых картках з пакемонамі? Нават канцэрт пад турмой, дзе сядзіць жаніх, здаецца рэальным, калі вы — чытач рубрыкі самых добрых, смешных, а часам абсурдных навін "Лыжка мёду".
Ліст з дзяцінства
Сапраўдны цуд адбыўся ў Брытаніі! У англійскім горадзе Уэркопе камінары знайшлі ліст Санта-Клаўсу, які захрас у коміне ў 1961 годзе.
Аўтара ліста ўдалося адшукаць у сацсетках. 65-гадовы жыхар графства Сурэй Роберт Крэмптан распавёў, што ўсё роўна атрымаў жаданыя падарункі.
Паводле яго слоў, ліст пад дыктоўку напісаў бацька. Хлопчык прасіў у Санты "каўбойскі касцюм, стрэльбу, капялюш і ўсё такое". Калі Роберт вырас, ён стаў паліцыянтам.
"Я заўсёды хацеў быць шэрыфам і, мяркую, у некаторым родзе быў", — патлумачыў ён.
"Вясельны" канцэрт пад турмой
Мелані Радрыгес сабрала перад будынкам турмы аркестр і зладзіла канцэрт. Так жанчына павіншавала свайго жаніха з Днём нараджэння. Відэа гэтага мерапрыемства патрапіла ў сеціва. На кадрах відаць, як дзяўчына выглядвае каханага Доджэра ў акне ў бінокль, а за ёю вісіць надпіс: "З Днём нараджэння, малыш".
Вядома, што Доджэр зрабіў Мелані прапанову, знаходзячыся за кратамі. Тая паабяцала яго чакаць, колькі спатрэбіцца.
@claaaauds3 Shawty got binoculars and everything #prisontiktok #prisontok #birthdayvibes #QuickBooksVictoryPose #LiveFlowSweatDuet #parati #binoculars
♬ original sound - Claudia
27 000 долараў за карткі з пакемонамі
Жыхар англійскага горада Сэнт-Айвс знайшоў дома старыя карткі з пакемонамі і разбагацеў. Мужчына прадаў іх на аўкцыёне за 27 000 долараў.
Два наборы картак ён набыў сабе 20 гадоў таму.
Адзін набор называўся Pokemon Fossil First Edition, а другі — Pokemon Neo Discovery Unlimited. Усе гэтыя гады яны пыліліся ў каморцы пад лесвіцай. Выявіўшы іх, мужчына вырашыў высветліць, колькі гатовыя аддаць за знаходку калекцыянеры. Аказалася — "шалёныя грошы".
Кавалачак торта прынцэсы Дзіяны
40-гадовы кавалак фруктовага пірага з вяселля прынца Чарльза і прынцэсы Дзіяны будзе прададзены за 500 фунтаў стэрлінгаў (прыкладна 700 долараў).
102-кілаграмовы торт на аснове марцыпанаў быў пакрыты глазурай і ўпрыгожаны рознакаляровым каралеўскім гербам. Яго кавалак памерам 17,7 на 20,3 сантыметра захоўваўся ў харчовай плёнцы ў форме для выпечкі. Яго вага — 0,79 кілаграма. Вядома, што порцыя была адрэзаная каралеўскім падданым у знак падзякі за іх удзел у арганізацыі вяселля.
Амурскую тыгрыцу выпусцілі на волю ў дзень тыгра
У Міжнародны дзень тыгра, які адзначаецца 29 ліпеня, з Цэнтра рэабілітацыі выпусцілі амурскую тыгрыцу.
У цэнтр "Амурскі тыгр" драпежніца трапіла праз тое, што палявала на сабак у Хасанскім раёне Прыморскага края.
Адпудзіць яе ад населеных пунктаў не атрымалася, таму спецыялісты прынялі рашэнне яе адлавіць.
Пасля назірання яе адправілі на волю.