Лыжка мёду: "Метасусвет" ад Цукерберга, голая "манашка" і 50-гадовы асетр
Лыжка мёду на Еўрарадыё
Пакуль былая памочніца святара з Агая зарабляе сотні тысяч долараў, удзельнічаючы ў пікантных фотасесіях, у Кітаі назіраюць за падарожжам дзікіх сланоў. У Канадзе рыбакі пашкадавалі і адпусцілі 158-кілаграмовага асятра, а на Сахаліне адпачывальнікі выратавалі цюленя, які заблытаўся ў рыбалоўных сетках. Візы хутка не спатрэбяцца: Марк Цукерберг перанясе нас усіх у новую рэальнасць.
Пра ўсё гэта — у аглядзе самых добрых, смешных, а часам абсурдных навін на Еўрарадыё.
Цукерберг схавае нас у "Метасусвеце"
Facebook створыць каманду, якая будзе працаваць над стварэннем "Метасусвету"! Гэта віртуальная прастора з лічбавымі сусветамі, дзе карыстальнікі змогуць перамяшчацца і размаўляць адно з адным па-за залежнасцю ад фізічных адлегласцяў. "Метасусвет" звяжа фізічную, дапоўненую (AR) і віртуальную (VR) рэальнасці.
"Вы можаце думаць пра "Метасусвет" як пра ўвасоблены інтэрнэт, у якім вы знаходзіцеся, а не проста праглядаеце кантэнт", — расказаў заснавальнік сацсеткі Марк Цукерберг. Па яго словах, "Метасусвет" будзе найлепшай вынаходкай пасля рабочага тэлепорта. Праект збіраюцца рэалізаваць у "найбліжэйшыя пяць гадоў або каля таго".
Віцэ-прэзідэнт падраздзялення Facebook Reality Labs Эндру Босуарт заявіў, што галоўнай асаблівасцю "Метасусвету" будзе адчуванне фізічнай прысутнасці з людзьмі. Паводле слоў спецыяліста, сёння смарт-дысплей Portal для відэачатаў і гарнітура Oculus можа "тэлепартаваць" у пакой, дзе знаходзіцца суразмоўца.
"Манашка" на мільён
36-гадовая памочніца святара Ніколь Мітчэл кінула працу ў царкве ў Агая і разбагацела на продажы пікантных здымкаў.
Дзяўчына кажа, што, перажыўшы дэпрэсію пасля разводу, яна кінула працу ў царкве і зарэгістравалася на платформе OnlyFans. Продаж аголеных фота дапамог ёй адчуць сябе лепш.
Мітчэл запэўнівае, што цяпер зарабляе ў 12 разоў больш, чым у раней, — ад 30 да 100 тысяч долараў у месяц.
"Цяпер я жыву ў доме за адзін мільён долараў і ўвесь час падарожнічаю. Акрамя таго, я больш ні ў чым не адмаўляю сваім траім дзецям. Я лічу, што я найлепшая мама на свеце!" — падкрэслівае амерыканка.
Лавіся, рыбка, вялікая і гіганцкая
На рацэ Фрэйзер у Канадзе з вады выскачыў гіганцкі асетр! 158-кілаграмовая рыбіна здзівіла рыбакоў, якія знялі скачок на відэа. Меркавана асятру 50 гадоў. Пасля злову рыбу адпусцілі назад у ваду.
Кранальнае выратаванне цюленя на Сахаліне
На Сахаліне адпачывальнікі заўважылі сівуча, які заблытаўся ў рыбалоўнай сетцы. Прадстаўнік сямейства цюленяў нязграбна плюхаўся ў вадзе побач з берагам. Відавочцы разрэзалі сетку і выцягнулі сівуча з вады. Потым усе рэзка разбегліся, каб той на радасцях нікога не "абняў". Задаволены цюлень вярнуўся ў мора пад апладысменты выратавальнікаў.
Вялікі паход сланоў у Кітаі
14 дзікіх азіяцкіх сланоў качуюць па тэрыторыі правінцыі Юньнань на паўднёвым захадзе Кітая. У аўторак жывёлы дабраліся да тэрыторыі павета Юаньцзян горада Юйсі. Сланы паводзілі сябе спакойна і не ўяўлялі пагрозы для мясцовых жыхароў.
З 21 ліпеня сланы прайшлі каля 63 кіламетраў. Атрад па рэагаванні на НЗ і паліцэйскія сочаць за бяспекай як мясцовых жыхароў, так і сланоў. Для маніторынгу міграцыі выкарыстоўваюцца дроны.
Каб адцягнуць увагу сланоў ад густанаселеных раёнаў, было выкарыстана 14,4 тоны ежы, якой аддаюць перавагу гэтыя жывёлы.