Лукашэнка зноў згадаў "перамовы з Захадам"

На нарадзе былі сілавікі

На нарадзе былі сілавікі / БЕЛТА

Аляксандр Лукашэнка зноў згадаў "перамовы з Захадам". "Дамовімся — будзем супрацоўнічаць", — сказаў ён у пятніцу на нарадзе, прысвечанай знешнеэканамічнай дзейнасці. На ёй прысутнічалі прэм'ер, кіраўнік Нацбанка і сілавікі.

Па словах Лукашэнкі, на Захадзе нібыта ёсць бізнес-колы, якія зацікаўлены ў супрацоўніцтве з РБ.

"У ЗША ў іх цікавасць да нашай дзяржавы. Пачакаем, — гаварыў Аляксандр Лукашэнка. — Мы вядзем з імі дыялог, перамовы з Захадам па напрамках, якія нас цікавяць... Але ў аснове павінны ляжаць нашы інтарэсы, нашай дзяржавы, і прыярытэты, якія мы вызначылі".

Пра што дамаўляецца Лукашэнка і ці дамаўляецца, невядома. Аднак прапаганда на гэтым тыдні паказвае гутаркі з некалькімі палітвязнямі — былымі супрацоўнікамі Радыё Свабода і грамадзянінам ЗША.

Пры гэтым на той жа нарадзе Аляксандр Лукашэнка заявіў: "Захад не хоча з намі супрацоўнічаць у галіне эканомікі. Мы ім са сваёй прадукцыяй абсалютна не патрэбныя. Мы гэта выдатна разумеем... Хоць ад Захаду мы не сыходзім канчаткова, тое, што іх цікавіць і нам выгадна, мы прадаем. Але гэта не тыя аб'ёмы і не тыя грошы".

Аднаўлення супрацоўніцтва Беларусі з Захадам чакае і прэм'ер Раман Галоўчанка. Ён нагадаў, што гандаль з ЕС цалкам не спыніўся і адтуль "паступаюць цікавыя прапановы". "Еўрапейскі бізнес працаваць з намі зацікаўлены", — сцвярджае ён.

Лукашэнка зноў згадаў "перамовы з Захадам"

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.