Леанід Заіка: Беларусы праз іпатэчныя крэдыты на 40 гадоў трапяць у кабалу
Улады лічаць, што вынайшлі спосаб вырашыць жыллёвую праблему. Але нават банкі не ведаюць, што будуць рабіць, калі давядзецца канфіскоўваць пабудаваныя кватэры.
З 1 ліпеня ў Беларусі павінны запрацаваць механізмы класічнай іпатэкі. “Запусціць” іх Нацбанку і ўраду даручыў прэзідэнт. Менавіта з дапамогай іпатэчных крэдытаў улады спадзяюцца нарэшце вырашыць жыллёвую праблему.
Ва ўсім свеце іпатэка вабіць людзей тым, што пад яе не трэба шукаць паручыцеляў, і тым, што яна таннейшая за іншыя віды крэдытаў на будаўніцтва — 3-6% у залежнасці ад інфляцыі. Але ў Беларусі іпатэчны крэдыт будуць выдаваць прыблізна пад тыя ж 14-15% гадавых, амаль як і звычайныя крэдыты, распавёў Еўрарадыё кіраўнік упраўлення інфармацыі Нацбанка Анатоль Драздоў:
Анатоль Драздоў: “Памер адсотку залежыць ад узроўню інфляцыі. Наколькі я ведаю, у “Беларусбанку” 14,5%, здаецца [кошт камерцыйнага крэдыту на будаўніцтва жылля. — Еўрарадыё]. Рэчаіснасць такая, што прыблізна такія адсоткі будуць”.
Тое, што іпатэчны крэдыт не будзе танным, пацвердзіла Еўрарадыё і кіраўнік прэс-службы “Беларусбанка” Ларыса Грынько:
Ларыса Грынько: “Беларусбанк” — ён выканаўца. Скажуць: “Давай пад такі працэнт” — будзем так рабіць. Мы будзем працаваць па факце. Будзе 11% — мы будзем толькі рады. І вы зацікаўленыя, і я зацікаўлена. Бо жыллё — гэта канкрэтная праблема канкрэтнага чалавека. Я была б рада вам сказаць, што гэта [іпатэчны крэдыт — Еўрарадыё] будзе 7%, але ж не магу”.
Згодны з гэтым меркаваннем і эканаміст Леанід Заіка.
Леанід Заіка: “Іпатэчная стаўка дакладна адлюстроўвае інфляцыю ў краіне: яна не можа быць ніжэй за інфляцыю. У Беларусі ў 2010 годзе інфляцыя была на ўзроўні 10%. Таму і стаўка іпатэчнага крэдыту ў Беларусі на 2011 год не можа быць менш за 13-14%”.
Вось і атрымліваецца, што іпатэка — не больш чым проста новы механізм атрымання камерцыйнага крэдыту і выканання дзяржаўнай праграмы будаўніцтва жылля. Але ў выпадку іпатэкі вяртанне грошай банку гарантуюць не сябры і сваякі, а небяспека апынуцца на вуліцы ды застацца без новай кватэры. Бо, кажа прадстаўнік Нацбанка, цяпер усё складаней людзям знайсці паручыцеляў для атрымання крэдыту. Хутка яны ўвогуле “скончацца” і праграма будаўніцтва забуксуе.
Анатоль Драздоў: “Іпатэка — гэта не прылада для зніжэння працэнтных ставак. Іпатэка — гэта ўсяго толькі механізм выдачы крэдыту. Жадаючых паручыцца ўсё менш, бо людзі разумеюць, што ў выпадку праблем у крэдытаатрымальнікаў у іх аўтаматычна могуць таксама ўзнікнуць праблемы: іх прыцягнуць да выплаты чужога крэдыту. А паколькі праблемы з паручыцельствам існуюць, нам неабходна знайсці механізм, які дазволіў бы не спыніць праграму жыллёвага будаўніцтва”.
Вось толькі пошук гэтага механізма ідзе складана. Згодна са словамі сябра камісіі па жыллёвай палітыцы, будаўніцтве, гандлю і прыватызацыі Палаты прадстаўнікоў Аляксея Кузьміча, банкі не імкнуцца запускаць механізм іпатэкі. Бо проста не ведаюць, што будуць рабіць з “канфіскаванымі” кватэрамі.
Аляксей Кузьміч: “Іпатэка — гэта ўключэнне ў залог кватэры, якая будзе будавацца. А нашы банкі гэтага не хочуць, яны хочуць, каб былі яшчэ і паручыцелі. Бо яны не хочуць думаць, што потым рабіць з гэтай кватэрай. А што, калі ў гэтай кватэры непаўналетнія дзеці? А калі орган апякунства не дасць дазвол на высяленне? І банк на сябе гэтую рызыку не хоча браць”.
Эканаміст Леанід Заіка называе іпатэку “па-беларуску” “другім вялікім рабаўніцтвам працоўных”.
Леанід Заіка: “Гэта — другое вялікае рабаўніцтва працоўных. Першае было ў 1991 годзе, калі ўсе згубілі свае зберажэнні. А другое — зараз, калі людзей зацягваюць у гэта іпатэчнае будаўніцтва, крэдытуюць. Людзі вымушаныя браць крэдыты — і на 40 гадоў трапляюць у кабалу. Гэта дрэнна”.Гэта — другое вялікае рабаўніцтва працоўных. Першае было ў 1991 годзе, калі ўсе згубілі свае зберажэнні. А другое — зараз, калі людзей зацягваюць у гэта іпатэчнае будаўніцтва, крэдытуюць
Сапраўды, іпатэчны крэдыт будзе выдавацца ў асноўным на тэрмін у 20-30 гадоў. Прычым не выключана, што калі інфляцыя ў краіне будзе расці, то і стаўкі па крэдытах будуць павялічвацца. А рызыка апынуцца на вуліцы, калі банк за няплату забярэ кватэру, прымусіць аддаваць апошнія грошы. І нават наяўнасць у сям’і непаўналетніх дзяцей не ўратуе: змены, якія чакаюцца ў Жыллёвым кодэксе, дазволяць высяляць з жылля і такіх неплацельшчыкаў.