Колін Графі: Усё ж сапраўднай “лакмусавай паперкай” будуць выбары

Намесніца памочніка дзяржсакратара ЗША па пытаннях грамадскай дыпламатыі Колін Графі лічыць, што вызваленне палітвязняў - добры сігнал, але сапраўднай “лакмусавай паперкай” для афіцыйнага Мінску стануць выбары.  “Нам вельмі прыемна бачыць Аляксандра Казуліна і іншых беларускіх палітвязняў на волі. Вольга Казуліна была ў Вашынгтоне, сустракалася з Джорджам Бушам і прадстаўнікамі праваабарончых арганізацыяў і яе пасланне было вельмі выразнае: ніводная нацыя не мае права пазбаўляць волі людзей таму, што яны шукаюць лепшай будучыні для сваёй краіны. Як вы ведаеце, намеснік памочніка Дзяржсакратара Дэвід Мэркель, а да яго Дэвід Крэмер самааддана рабілі ўсё магчымае, каб дапамагчы дэмакратыі, вольнай прэсе, незалежнай журналістыцы ў Беларусі”, - сказала ў інтэрв’ю Еўрарадыё Колін Графі.

Спадарыня Графі таксама адзначае, што сапраўднай праверкай "беларускай дэмакратызацыі" стануць выбары:

“Вызваленне палітвязня - гэта важны сігнал, важны сімвал накірунку, у якім, мы спадзяемся, ідзе Беларусь. Аднак сапраўды важным будзе тое, што адбудзецца на выбарах. Нам вельмі цікава пабачыць, ці палепшыцца сітуацыя з выбарамі зараз у параўнанні з мінулымі выбарамі. Мы зацікаўленыя ў тым, каб выбары былі вольнымі, справядлівымі, каб людзі маглі прагаласаваць за кандыдата, якога выбралі. Сігналы паляпшэньня ёсць, аднак мы мусім пабачыць цвёрды прыклад вольных СМІ, а таксама таго, што людзі могуць выказваць сваё меркаванні наконт таго, каго яны хочуць бачыць у якасці свайго лідэра”.

Што да таго, якім чынам ЗША змогуць ацаніць, наколькі вольныя і дэмакратычныя былі выбары, то тут Колін Графі ўскладае вялікія спадзяванні на незалежныя беларускія СМІ:

“Мы шукаем магчымасці, каб міжнародная супольнасць магла правесці свае маніторынгі, і я спадзяюся, што ў нас атрымаецца гэта арганізаваць. Да таго ж ЗША выдзяляе каля трох мільёнаў долараў на незалежныя СМІ і, магчыма, менавіта яны змогуць адыграць значную ролю ў маніторынгу выбараў”.


Поўны тэкст інтэрв'ю з'явіцца на сайце ЕРБ. Сачыце за абнаўленнямі.