Клічаўскі аграрна-тэхнічны каледж выпусціў уласную валюту

Яе выдаюць пад разлік у аванс, але скарыстацца ёю можна толькі на тэрыторыі навучальнай установы. Курс: 1 талон – 50 тысяч рублёў. Праўда, абмяняць яго можна толькі на ежу і тавары. Гарэлку і цыгарэты па новай валюце не прадаюць!
Супрацоўнікі Клічаўскага дзяржаўнага аграрна-тэхнічнага каледжа (КДАТК) атрымліваюць частку заробку талонамі на ежу. Гэта кавалачкі белай паперы з пячаткамі навучальнай установы, кожны з якіх мае намінал у 50 тысяч рублёў.

Намесніца дырэктара каледжа па камерцыі Людміла Шма кажа, што ўвядзенне талонаў — вымушаны захад: "Да нас райвыканкам даводзіць паказчыкі па таваразвароце. Вядома, такія паказчыкі, як яны даводзяць, выканаць складана. Таму мы прапанавалі людзям не хадзіць на кірмаш і па іншых крамах, а атаварвацца ў нас".
"Працоўным заканадаўствам прадугледжана, што працаўнік атрымлівае аванс. А адзіным сродкам разліку на тэрыторыі Беларусі з'яўляецца беларускі рубель. Адпаведна, падобны замяняльнік беларускага рублю недапушчальны", — распавёў Еўрарадыё юрыст у галіне працоўнага заканадаўства, да якога мы звярнуліся па кансультацыю.

Уводзілі інавацыю па ўсіх правілах сеціўнай кампаніі. Спярша супрацоўнікі каледжа атрымалі талоны бясплатна — у падарунак да Дня сельскай гаспадаркі.

Людміла Шма: "Яны паспрабавалі — і ім спадабалася! Цяпер, калі хто жадае, — можа ўзяць пад разлік у аванс талон на 50 тысяч. І атаварыцца ў нашых крамах. Дабраахвотна! Напрыклад, атрымаў чалавек заробак. Заплаціў за кватэру, аддаў адсоткі па крэдыце — і не засталося ў яго на ежу грошай. Тады ён не чакае авансу за наступны месяц з пустой лядоўняй, а прыходзіць да нас і просіць ужо сёння ўзяць на 50 тысяч талон".

Вось такі элегантны спосаб і таваразварот узняць, і не даць сваім супрацоўнікам памерці ад голаду паміж заробкамі. У прыёмнай каледжа Еўрарадыё паведамілі, што абмяняць талоны на тавары можна ў адной з двух крам "ад каледжа".

"У нас ад каледжа ёсць дзве харчовыя крамы. Не ў самім каледжы, але недалёка. У нас два інтэрнаты. Дык вось, у адным інтэрнаце крама, і ў іншым".
 
Клічаў — не такі ўжо вялікі горад. Але ўсё роўна не вельмі зручна, калі за макаронамі можаш схадзіць толькі ў дзве пэўныя крамы.

"Калі разлічыцца талонамі яны могуць на тэрыторыі арганізацыі, гэта абмяжоўвае права працаўніка на выкарыстанне свайго авансу", — мяркуе юрыст.

Тым не менш, па словах Людмілы Шма, выкладчыкі каледжа падтрымалі ідэю з талонамі ледзь не аднагалосна. Адзінае, што шкада: на рэальныя грошы гэтыя талоны не абмяняеш. Нават калі набыць тавараў на 50 тысяч за 1 раз не атрымалася.

"Мы падалі ў крамы спісы нашых выкладчыкаў і працаўнікоў, — распавядае Людміла Шма— І гандляркі пішуць: з 50 тысяч атаварана 25 тысяч! Яны ведаюць: гэта Аўласенка прыйшоў, а гэта Кашамаль, яны могуць яшчэ на 25 тысяч набыць тавару... Так талон можна атаварыць і за два разы. Вядома, можна было б даваць рэшту. Але гэта не ў нашых інтарэсах!"

Цікава, што ў крамах інтэрнатаў каледжу не прадаюцца цыгарэты і алкагольныя напоі. Усё ж гэта навучальная ўстанова! Такім чынам, талонамі адміністрацыя каледжа хаця і ўскосна, але змагаецца за здаровы лад жыцця сваіх супрацоўнікаў.