Каля 640 афганцаў здолелі трапіць на борт самалёта ВПС ЗША — фотафакт

Парадку 640 афганцаў у салоне транспартнага самалёта ВПС ЗША / Reuters
Сусветныя СМІ публікуюць фота, зробленае ўнутры транспартнага самалёта ВПС ЗША 15 жніўня. У гэты дзень талібы ўвайшлі ў Кабул, а мноства мясцовых жыхароў накіраваліся ў аэрапорт, каб пакінуць краіну.
Аднак усе камерцыйныя рэйсы ў той жа дзень былі адмененыя. Паляцець з краіны можна было толькі вайсковымі самалётамі. Каб пакінуць краіну, людзі нават залазілі на стойкі шасі. Саудаўскі тэлеканал Al Ekhbariya распаўсюдзіў відэа, на якім з набіраючага вышыню самалёта выпалі, як мяркуецца, два чалавекі. Акрамя таго, у выніку цісканіны ў аэрапорце загінулі прынамсі сем чалавек, паведамляла агенцтва Assosiated Press са спасылкай на амерыканскіх вайскоўцаў.
На фота, якое аказалася ў распараджэнні Reuters, папалі каля 640 афганцаў, якім удалося патрапіць у салон транспартнага самалёта C-17 Globemaster III ВПС ЗША. Борт ішоў у Катар.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.