Каханне праз мяжу: яна – у Беларусі, ён – не можа прыехаць

“Пачынаю разумець, што значыць “другая палова” – калі адной хрэнова, іншая ўратуе” / euroradio.fm
Беларус, які з’ехаў з палітычных прычын яшчэ ў 2011-м, распавядае пра стасункі з жонкай на дзве краіны
“Каханне на мяжы” – праект пра беларусаў і беларусак, чые адносіны праходзяць выпрабаванне палітыкай і вайной, гісторыі кахання, якое выжывае насуперак усяму.
Ён больш за 14 гадоў у вымушанай эміграцыі ў Вялікабрытаніі, яна застаецца ў Беларусі. Паразмаўлялі з творцам, які з’ехаў пасля выбараў 2010-га. Даведаліся, як гэта – выжываць у эміграцыі, захоўваць цёплыя стасункі, перажываць крызісы і праблемы, жывучы на дзьве краіны.
*імёны герояў змененыя
“Я паехаў па працы за мяжу на два тыдні, узяў з сабою маленькую торбу, але потым ужо ніколі не вярнуўся ў Беларусь. Дзякуй богу, гэта быў ужо 2011, бо калі б не відэа, не скайп, я не ведаю, як можна выжыць у гэтай эміграцыі. Гэта хоць неяк ратавала, кампенсавала адсутнасць блізкасці”.
Знаёмства: “На хуткай дапамозе імчаў да сваёй будучай жонкі”
Пара пазнаёмілася ў дзіцячым садочку – Надзея там працавала выхавацелькай, а Аляксандр быў Дзедам Марозам на Навагодніх святах. Але не абыйшлося без містыкі. Звычайна, “рынак” садкоў у актораў падзелены, тлумачыць Аляксандр, і ён не мусіў выступаць там, дзе працавала яго будучая жонка.
“Актор, які звычайна працаваў там Дзедам Марозам, не змог, і паклікалі мяне. Я быў на выступе недзе ў Сухарава, і трэба было ехаць у гэты новы садок у іншую частку гораду. Я так спазняўся, што не пераапранаючыся, спыніў хуткую дапамогу, кажу: “Хлопцы-дзеўкі, у вас будзе дрэнны Новы год, калі вы Дзеда Мароза не прывязеце своечасова, бо там дзеці зачакаюцца і не будзе ім шчасця”. Яны ўключылі сірэну і гналі. Таму вось я на хуткай дапамозе імчаў да сваёй будучай жонкі, дактары мяне ўратавалі”, – смяецца Аляксандр.
Пасля пара даведалася, што яны і жылі большую частку жыцця на адной вуліцы, Аляксандр штодзень хадзіў у школу, а потым і на працу праз дом Надзеі. Але лёс склаўся так, што пара пазнаёмілася, толькі калі Аляксандру было 33 гады, а Надзеі крыху менш.
“Атрымліваецца, мне трэба было паступіць у тэатральны інстытут, каб стаць акторам, навучыцца працаваць Дзедам Марозам і трапіць у садок, дзе працавала мая будучая жонка. Таму містыка абавязкова ў такіх сустрэчах ёсць. Асабліва калі пачынаеш дзёргаць за нітачкі, аказваецца, што і там, і там агульныя знаёмыя, на нейкіх імпрэзах разам былі, але не сустрэліся. Вось як жыццё тасуе гэтую калоду”.
Аляксандр кажа, што запомніў Надзею адразу, але зацягвала ў гэтае каханне паступова.
“Я ўжо дарослы быў, Надзя стала маёй не першай жонкай. Але што мяне не адпускала, калі я адыграў Дзеда Мароза і пабег на іншыя працы, – вобраз гэтай маладой жанчыны. Яна такая стройная дзяўчынка-красуня. Напэўна таму я пазней і стаў яе шукаць – а хто гэта быў у садку акрамя дзяцей і Снягуркі?” – апавядае мужчына.
“Я спадзяваўся, што ў Лукашэнкі пройдзе агонія і я вярнуся дадому”
Светлых момантаў было вельмі шмат, прыгадвае Аляксандр і дадае: “Нам не трэба было нейкіх асаблівых падзеяў, бо ўсё радуе закаханых, мне здаецца. Шмат было шчасця ў нас”.
А потым здарылася эміграцыя. Аляксандр з’ехаў з Беларусі ў 2011, акурат пасля прэзідэнцкіх выбараў 2010 году: паехаў у камандзіроўку ў іншую краіну, там паведамілі, што яму не варта вяртацца праз небяспеку затрымання. З таго моманту Аляксандр больш ніколі не змог вярнуцца ў Беларусь.
Мужчына прызнаецца, спачатку былі думкі, што эміграцыя не будзе доўгай, можна будзе вярнуцца праз некалькі месяцаў.
“Я спадзяваўся, што ў Лукашэнкі пройдзе агонія, ён сыйдзе ці памрэ, і я вярнуся дадому. Гады тры, мабыць, мроілася, што ўсё вось-вось зараз. Але калі Надзя прыехала да мяне ўпершыню ў краіну, дзе я тады знаходзіўся, нешта ўва мне засвярбіла, і мы ў той краіне пабраліся шлюбам. Ну і як вядома, Лукашэнка, як сядзеў, так і сядзіць, і я не вярнуўся з таго часу”.
За 14 гадоў эміграцыі ні разу не здаралася настолькі моцнага крызісу, каб захацелася разыйсціся: “Я не хлушу, не крыўлю душой, але не было такога, каб гэтая сітуацыя нас давяла да такога напружання, што гары яно гарам”. Было хутчэй наадварот, прызнаецца Аляксандр: “Хацелася ўсё кінуць і на свой страх і рызыку паехаць у Беларусь”.
“Думаў, я такі мікроб – выжыву дзе заўгодна, адсяджу, потым выйду і ўсё. Гэта памылка, вядома, я б не выйшаў адтуль. Я цярплівы, але калі мне штосьці не падабаецца, то я з нагі адразу магу. Так бы я там і зрабіў, бо ў закрытых памяшканнях нагодаў для гэтага дастаткова”.
Пра эміграцыю: “Першыя гады ледзь да самагубства не даходзіла”
Аляксандр прызнаецца, што жыць у Вялікабрытаніі, асабліва спачатку, было вельмі цяжка. Пра працу беларускай дыяспары мужчына не ведаў, таму і не звяртаўся туды, а вось дзяржава моцна падтрымлівае, кажа Аляксандр. У Вялікабрытаніі ён атрымлівае “universal credit” – штомесячная сацыяльная выплата, якая пакрывае расходы на пражыванне.
“Калі б не гэтыя грошы, я наогул не ведаю, як бы я тут выжыў. Жыў бы, пэўна, у скверыку ці на беразе Тэмзы, я б не змог здымаць кватэру. Бо працы стабільнай няма, толькі выпадкова бывае нешта заробіш. Каму тут той актор моцна патрэбны? Таксама спачатку я шмат чаго не ведаў, і мог атрымаць тую ж дапамогу ад дзяржавы нашмат раней”.
Таксама па праграме 60+ можна атрымаць праяздны на грамадскі транспарт. Аляксандр падкрэслівае, што гэта вялізная падтрымка, бо праезд у Вялікабрытаніі “каштуе вар’яцкіх грошаў”.
“Яшчэ тут ёсць кропкі, дзе раздаюць ежу. У адну і тую ж гадзіну штодзень прыязджае бусік, можна нешта дадому ўзяць, і хлеб, і крупы, і макароны, і гарачае. Я карыстаюся гэтым. Увогуле бывалі такія часы, калі я нават туалетную паперу не мог сабе дазволіць купіць, хадзіў у кабакі, адкручваў. Таму па-рознаму даводзілася выжываць. А першыя гады ўвогуле ледзь да самагубства не даходзіла. Калі б быў не адзін, можа, было б лягчэй. Агулам, памерці тут табе не дадуць, але лёгка не будзе, будзе цікава”.
Праз небяспеку вяртання ў Беларусь пара можа сустракацца толькі ў іншых краінах. Зараз Надзея на пенсіі, але не можа пераехаць да Аляксандра, бо даглядае блізкага чалавека.
“Размовы ў нас былі пра пераезд, жаданне ў Надзі ёсць, але абставіны такія, што яна не можа надоўга з’язджаць, не можа надоўга пакінуць блізкага чалавека. Таму мы бачымся на тыдзень-два, было неяк нават месяц і больш, але тады даводзілася дамаўляцца, каб нехта дапамагаў з даглядам. Надзя вымушаная быць у Беларусі, таму і жывем так”.
Пра стэрэатыпы: “Клас, можаш ва ўсе цяжкія пусціцца”
Мужчына кажа, што некаторыя з сяброў наадварот падтрымліваюць, што Аляксандр з жонкай жывуць асобна, маўляў, калі б пастаянна былі разам, то надакучылі б адно аднаму. “Можа ў гэтым і ёсць нешта, але чорт ведае. Увогуле гэтым “а калі б” няхай пісьменнікі займаюцца”, – дадае з усмешкай Аляксандр.

Пара стараецца сазваньвацца штодзень, і з гэтым нават ёсць пэўны рытуал: напрыклад, падчас званкоў Аляксандр снедае або круціць цыгарэты з тытуню. Здараецца, праз недахоп часу прыходзіцца размаўляць нахаду, у транспарце: “Гэта абставіны майго жыцця тут за мяжой, прыходзіцца выжываць, я часта проста нічога не паспяваю праз працу, але жонка просіць: “Хоць смску дашлі, хоць на пару хвілін пакажы твар і бяжы далей””.
Сустрэчы: “Жонка, мора, дзюны, лес з грыбамі. Усё шчасце ў адным месцы”
За такі доўгі час эміграцыі і сустрэчы ў розных краінах у пары з’явіліся свае месцы, напрыклад, самае любімае – Паланга.
“Мне там падабаецца, бо там усе мае шчасцейкі побач. Я заядлы грыбнік. У месцы, дзе я жыву, з грыбамі напруга, людзі тут у крамы іх ходзяць збіраць, а ў Паланзе – вось жонка, мора, вось дзюны, вось лес з грыбамі. Усё шчасце ў адным месцы”.
Некалькі тыдняў таму пара сустракалася ў Вільні: “Божа, як я люблю гэты горад! Там столькі сяброў папрыязджала з Беларусі, і ежа вельмі смачная. Я сапраўды падумваў, каб пераехаць туды, бо там, можа, і праца нават была б у тэатры, але таксама ўсё змяняецца і невядома, ці застануцца спекталі на рускай мове”.
Сустракацца часта не атрымліваецца, добра калі пару разоў на год: “Праблема яшчэ і ў тым, што я не ў шэнген зоне жыву, цяжка з дакументамі выходзіць. Але жонка ўсё адно заўжды прыязджае, дэкабрыстка, што тут сказаць”. Надзея стараецца прыязджаць і на выступы да Аляксандра ў розныя краіны.
У Аляксандра таксама была спроба пераехаць у Варшаву праз некалькі прычын: фінансавыя праблемы ў краіне, дзе ён знаходзіўся, а таксама было б бліжэй да жонкі.
“Калі перасталі самалёты лётаць, то Надзі трэба праз Турцыю, праз якую яшчэ краіну ляцець. Атрымліваецца дарога ў дзясяткі разоў даражэйшая, перасадкі з самалёту на самалёт – гэта вельмі цяжка. У Вільні прасцей за ўсё сустракацца, але там таксама ў чэргах на мяжы можна прастаяць доўга”.
Пераехаць у Варшаву ў Аляксандра ўсё ж не атрымалася. Зараз у паездцы ў Вільні пара была каля двух тыдняў разам. Аляксандр прызнаецца, што гэтая сустрэча была вельмі эмацыйнай.
“Што ў мяне, што ў Надзі, нейкі ком слёз у горле быў ад таго, як гэта добра. Гэта ўсё праз тое, якія людзі нас атачалі, як мы заставаліся ўдвох. З аднаго боку, гэта і светлае, а з іншага – тут і боль, што зашмат людзей добрых, а чаму так дрэнна, жорстка ўсё атрымліваецца, што павінныя жыць не на радзіме”.
Але мужчына дадае, што адчуваў столькі перажыванняў адразу, бо побач была каханая: “Магчыма, калі б я адзін быў, такога эмацыйнага вострага пачуцця і не было б. А так, мы як дзьве палоўкі былі побач, то таму так свярбіла ў сэрцы, у душы”.
Аляксандр прыгадвае яшчэ шчымлівы момант:
“Я ўзяў у карчме “1863” “Апошнюю кнігу пана А” Альгерда Бахарэвіча і кожны дзень чытаў жонцы. Гэта было так цудоўна: Вільня прыгожая, жонка побач, кніга неймаверная”.

“Яна ўжо стала часткай майго мозгу”
На пытанне, што вы найбольш шануеце ў жонцы, Аляксандр адказвае так:
“Я цалкам яе кахаю. Асабліва зараз, калі мы так далёка і так шмат гадоў жывем, яна ўжо стала часткай майго мозгу. Я ёй тэлефаную ці пішу, раюся шмат у чым, і на побытавым узроўні, і ў творчасці. Бывае, станеш перад выбарам нейкім, у мяне адразу ў галаве: а як бы жонка паступіла? Як бы яна адрэагавала? Яе побач няма фізічна, але ў маёй галаве ёсць дыялог з ёй. Тым больш, яна ў мяне малайчына, яна ва ўсім так разбіраецца, а я балбес-балбесам, асабліва ў побыце, магу ў машыну пральную наліць сродак для мыцця падлогі”, – смяецца Аляксандр.
“Я пастаянна заняты і мне лягчэй пераносіць маю эміграцыю, чым жонцы”
Аляксандр прызнаецца, эміграцыя навучыла больш уважліва ставіцца да пачуццяў іншых людзей: “У нас ва ўсіх розныя абставіны. І я пачаў на людзей глядзець па-іншаму, не перакладваючы сваю мадэль, а спрабуючы зразумець, што ў іншых усё можа быць інакш і цяжэй”.
Таксама, на думку Аляксандра, Надзеі нашмат цяжэй пераносіць іх вымушанае растанне, чым яму.
“Я тут павінен выжываць, часцей жыву 36 гадзін у суткі, і мне іх не хапае, мне б 72 — і тады можа ўсё б паспяваў. Я сплю 2-3 гадзіны. Дзякуй богу, у мяне зараз шмат працы акторскай, гэта наогул галоўная аддушына. Я адцягваю ўвагу, я пастаянна заняты, і мне лягчэй пераносіць маю эміграцыю, чым жонцы жыць у Беларусі”.
Таксама эміграцыя паказала Аляксандру, што Надзея – не толькі яго каханне, але і яго найбліжэйшы сябра.
“Я зразумеў яшчэ, што жонка – мой самы блізкі сябра. Так, мы можам на побытавым узроўні паспрачацца, “цёрачкі” такія. Але, па вялікім рахунку, яна адна, на каго я магу на 100% маральна абаперціся. Вакол шмат цудоўных людзей, але гэта іншыя людзі. А жонка – гэта як частка цябе. Мы ж і самі з сабой у канфліктах бываем, спрачаемся, таму гэта нармальна. Усё ж у гэтым выжыванні я пачынаю разумець, што значыць, калі пра каханых кажуць “другая палоўка” – калі адной хрэнова, іншая ўратуе”.
Што б вы сказалі жонцы проста цяпер?
“Я цябе кахаю”.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.