“Я б раіў не палохацца расстання”. Беларус распавядае пра стасункі праз мяжу

Каханне на мяжы / Еўрарадыё
Больш за трыццаць гадоў разам, з якіх дзесяць — на адлегласці. Апошняе расстанне адбылося ў 2021 годзе, калі Віктар з’ехаў з краіны, асцерагаючыся пераследу з боку ўладаў, а Лёля засталася ў Мінску працаваць і даглядаць сталых бацькоў.
Мы пагутарылі з Віктарам, як гэта, жыць з жонкай на дзве краіны — Беларусь і Польшчу. І як захаваць стасункі на адлегласці.
*імёны герояў змененыя
Мы сустрэліся з Віктарам у кавярні ў цэнтры Варшавы. Высокі мужчына з усмешкай паказвае фотаздымкі жонкі і жартаўліва пытае: "Колькі б дала ёй гадоў?" Лёля — жанчына з фотаздымка — з Віктарам розныя, але адначасова вельмі падобныя, так часта бывае, калі людзі доўга разам.
Віктар кажа, што вымушаныя расстанні з жонкай пачаліся з першага году іх знаёмства. Але перакананы, што адносіны на адлегласці могуць быць не трагічнымі і прыносіць станоўчыя хвалі.
— Як заўсёды, былі вялізныя чэргі на беларуска-польскай мяжы, а ў жонкі толькі тры дні выходных. Вырашылі зладзіць рамантычную сустрэчу ў Вільні. Як нейкія закаханыя падлеткі, на нейтральнай тэрыторыі. Знялі ў Вільні гатэль і правялі разам шчаслівыя два дні. Штосьці ад твораў Рэмарка ў нашай цяперашняй сітуацыі – як трагічнае, так і рамантычнае, — прыгадвае Віктар.
Для іх не ўпершыню.
"Хлопчык аказаўся не проста цікавы, але і настойлівы"
Гісторыя Віктара і Лёлі пачалася як у кіно. На танцах у Доме адпачынку ў Ракаве, каля Мінску, Віктар, самаўпэўнены малады чалавек, абірае самую прыгожую дзяўчыну і запрашае яе на танец. Але выглядае, што ў Лёлі ўжо ёсць хлопец.
"Падыходзіць да мяне хлопец у дэсантнай форме, маўляў, ты вось тут танцаваў і ладна, але гэта мая дзяўчына, я маю наконт яе сур’ёзныя намеры. Але ён не ведаў, на каго нарваўся", — смяецца Віктар.
Раніцай Віктар вяртаецца ў Дом адпачынку — шукаць дзяўчыну. Задума выглядала сумнеўна, бо нават імя не паспеў спытаць. Але па апісанні «курносая бландынка, доўганогая, сімпатычная» адміністратарка Дома зразумела і падзялілася нумарам, дзе жыла Лёля.
Ён пагрукаў да яе ў пакой, дзе яна была з тым самым хлопцам, і проста спытаў нумар тэлефона.
Патэлефанаваць не паспеў – так супала, што менавіта ў гэтыя дні хатні тэлефон у кватэры дзяўчыны памянялі.
"Потым Лёля расказвала пра свае думкі, маўляў, цікавы хлопчык, але, відаць, не лёс. Але хлопчык аказаўся не проста цікавы, але і настойлівы. Я проста адразу зразумеў, што дзеля такой дзяўчыны зраблю ўсе, каб з ёй сустрэцца", — кажа Віктар. Праз даведачныя службы ён дазнаецца новы нумар тэлефона.
Першае спатканне адбылося 8-га сакавіка ў рэстарацыі "Сёмае неба" у гатэлі "Мінск" — кветкі і столік на дваіх перад самым аркестрам.
Першае расстанне на год: тэлефон на вахце, цягнік, ЗАГС
Першае расстанне адбылося ў першы ж год знаёмства. Лёля паступіла ва ўніверсітэт у іншы горад Беларусі, пары давялося жыць паасобку.

2020 год і апошняе расстанне: "Адзін з сілавікоў на нас глянуў і кажа: "А што з гэтымі маладажонамі рабіць?"
У 2020-м Лёля і Віктар разам трапілі на Акрэсціна.
"Мы выпадкова сустрэліся на двары, калі нас выводзілі, і я яе схапіў за рукі. Мы стаялі, счапіўшыся, адзін з сілавікоў на нас глянуў і кажа: "А што з гэтымі маладажонамі рабіць?" Маладажоны на той момант ужо гадоў 25 разам пражылі. Гэта была адзіная праява чагосьці чалавечага, што я ў гэтым гестапа пабачыў"
Пазней Лёлю выклікалі на допыт, дзе шмат пыталіся пра мужа.
"Яна тады сказала: "Я ўвогуле з ім развесціся збіраюся". Я смяюся: "Так, што гэта за экспромт? Мы з табой так не трэніраваліся!"
Яшчэ адным выпрабаваннем стала хвароба Віктара – кавід, якім ён заразіўся ў зняволенні. У цяжкім стане з двухбаковай пнеўманіяй мужчына апынуўся ў бальніцы.
"Жонка пасля распавяла, што ў адну з ночаў убачыла ў камп’ютары вынікі аналізаў і рэзкае пагаршэнне паказчыкаў. Памятаю, у тую ноч да мяне ў палату прыйшла медсястра, нешта пазачарговае мне тэрмінова ўкалолі. Аказалася, я быў амаль пры смерці".
Не была б жонка доктаркай, не было б цяпер і гэтага інтэрв’ю, з усмешкай гаворыць Віктар. І дадае, што гэтая сітуацыя яшчэ больш іх з’яднала.
"Людзі ў экстрэмальных сітуацыях альбо разбягаюцца, пагаршаюцца іх стасункі, або наадварот — аб’ядноўваюцца і пачынаюць праяўляюць свае лепшыя якасці".
Стасункі на адлегласці: "Цукеркава-букетны перыяд пасля 30 гадоў шлюбу"
Віктар з’ехаў з Беларусі ў 2021-м, асцерагаючыся пераследу з боку ўладаў. Галоўная прычына, чаму Лёля не можа прыехаць да Віктара — у Беларусі застаюцца яе пажылыя бацькі. Другая прычына — яе праца доктаркай. Пачынаць за мяжой доктарам не так проста: некалькі гадоў трэба патраціць на розныя іспыты і пасля пачаць з мінімуму. Так сям’я зноў апынулася ў вымушаным расстанні.
"Калі я кажу, што жонка стала зусім іначай, больш беражліва да мяне ставіцца пасля майго апошняга ад’езду, — яна нібыта не пагаджаецца. Але я ўпэўнены, што гэта праўда. Расстанні і перашкоды толькі загартавалі нашыя адносіны. У нас зараз цукеркава-букетны перыяд пасля 30 гадоў шлюбу. Жывем думкай аб сустрэчы. Яна мне нядаўна перадала падарункі, цэлы пакецік з мілымі дробязямі. І я ёй перадаў з сябрам пасылачку — шакаладкі, прысмакі, сыры, маечку".
(фота пасылкі)

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.