Каб з'ехаць у Ізраіль, беларусу трэба паклясціся на вернасць новай радзіме
Кіраўніцтва краіны патрабуе, каб свет прызнаў Ізраіль яўрэйскай дзяржавай. Еўрарадыё працягвае цыкл сюжэтаў з Зямлі Абяцанай.
Кіраўніцтва Ізраіля ўхваліла так званы закон пра прысягу. Згодна з ім,
чалавек любой нацыянальнасці, які хоча атрымаць ізраільскае
грамадзянства, павінен даць клятву вернасці гэтай дзяржаве. Таксама
Ізраіль выставіў умову Палесціне і ўсяму свету прызнаць яго яўрэйскай
дзяржавай. 
У
размове з Еўрарадыё адзін з вышэйшых кіраўнікоў Міністэрства замежных
спраў Ізраіля патлумачыў гэтае патрабаванне жаданнем грамадзян краіны.
Супрацоўнік МЗС Ізраіля: “Для
нас гэта прынцыповае пытанне. Адзіная прычына, па якой я жыву ў
Ізраіле, — гэта жаданне жыць у яўрэйскай дзяржаве. Бо інакш ніякага
сэнсу тут жыць няма. Куды спакайней жыць у Нью-Ёрку, Маскве, Таронта ці
Берліне. Там, можа, і ўзровень жыцця вышэй, і ў арміі служыць не трэба.
Але большасць нашых грамадзян выбралі месцам свайго жыцця Ізраіль, бо
яны хочуць жыць у яўрэйскай дзяржаве, сіянісцкай дзяржаве”.

Але
ў гэтым “простым і відавочным” патрабаванні Ізраіля палесцінцы ўбачылі
як мінімум тры нагоды для незадаволенасці. Іх карэспандэнту Еўрарадыё
назваў бліжэйшы паплечнік прэзідэнта Палесціны Махмуда Абаса, кіраўнік урадавага мэдыя-цэнтра Хасан Хаціб.
Хасан Хаціб: “Прычына,
якая прымусіла палесцінскі бок адмовіцца ад ізраільскага патрабавання
аб прызнанні Ізраіля ў якасці яўрэйскай дзяржавы і радзімы ўсіх яўрэяў
свету, найперш у тым, што гэта пазіцыя не ў інтарэсах неяўрэяў Ізраіля. У
Ізраілі 20% людзей, якія не з’яўляюцца яўрэямі. Па-другое, гэтае
патрабаванне абцяжарыць права палесцінскіх уцекачоў на вяртанне на сваю
радзіму. І дасць толькі яўрэям права іміграваць у Ізраіль. Прычына
трэцяя ў тым, што звычайная дзяржава не патрабуе, каб яе прызналі на
падставе рэлігійнай альбо этнічнай. Такой практыкі ў свеце няма”.
Такім
чынам, Палесціна не збіраецца прызнаваць Ізраіль яўрэйскай дзяржавай.
Той, са свайго боку, без гэтага прызнання адмаўляецца спыняць
будаўніцтва ў ізраільскіх пасяленнях на палесцінскіх тэрыторыях.
Прадстаўнік МЗС Ізраіля шчыра прызнаўся Еўрарадыё: ён не верыць у тое,
што палесціна-ізраільскі канфлікт будзе ўрэгуляваны да канца яго жыцця. У
сваю чаргу генеральны сакратар партыі “Палесцінская нацыянальная
ініцыятыва” Мустафа Баргуці, які з невялікай розніцай прайграў
пост прэзідэнта на мінулых выбарах Махмуду Абасу, заявіў: калі цягам
года рашэнне мірнага ўрэгулявання не будзе знойдзена, яго не знойдуць
ніколі.
Мустафа Баргуці: “Таму перад намі адно з двух
рашэнняў: альбо прыняць статус рабоў акупацыі і рэжыму апартэіду, альбо
змагацца за нашую свабоду. Мы не хочам развязваць вайну, і мы не можам
вайну развязваць. Мы будзем выкарыстоўваць грамадскі, мірны, народны
супраціў. Прыклады маюцца — Гандзі, Мандэла. Мы так кажам не таму, што
не маем права на ўзброеную вайну. Я лічу, што выкарыстанне зброі з
нашага боку — гэта было б тым, чаго б вельмі хацеў Ізраіль”. 

А вось сябра Махмуда Абаса, галоўны рэдактар незалежнага палесцінскага тэлеканала MAAN Насар Ляхаам
лічыць, што на ўрэгуляванне канфлікту дастаткова хвіліны. Але Ізраіль
не гатовы скарыстаць яе на прыняцце неабходнага для міру рашэння.
Насар Ляхаам: “Перамовам
не патрэбны год. Нават адзін месяц. Нават адна хвіліна! Адно пытанне
трэба вырашыць: мы — арабы, такія, якія мы ёсць — ці хочаце вы, каб мы
былі ўнутры ізраільскай дзяржавы? Ці вы хочаце жыць адны, без нас? Калі
хочаце жаніцца — жаніцеся, калі хочаце разводзіцца — разводзьцеся. Але
мы не збіраемся і не будзем вашымі каханкамі, якія кладуцца ў ваш ложак
тады, калі вы захочаце”.
Кіраўнік прадстаўніцтва Еўракамісіі ў Ізраілі Эндру Стэндлі глядзіць на будучыню палесціна-ізраільскіх перамоў больш аптымістычна.
Эндру Стэндлі: “Я
думаю, што можна дамагчыся цягам года ўрэгулявання канфлікту. Калі
будзе палітычная воля да дзеянняў, то, я думаю, тэхнічныя дэталі могуць
быць прапрацаваныя, і пагадненне ў рамачным плане ўжо вядома”. 
Вось толькі ў наяўнасці гэтай самай палітычнай волі ў кіраўнікоў як Ізраіля, так і Палесціны Насар Ляхаам сумняваецца.
Насар Ляхаам: “Я
лічу, што кіраўнікі — слабыя асобы. У іх няма інструментаў, і яны
займаюцца пустаслоўем. І выкарыстоўваюць экстрэмісцкія ідэалагічныя
інструменты для таго, каб прамываць мазгі народу. Большасць кіраўнікоў у
гэтым рэгіёне падобныя да танцоўшчыц: яны хочуць зрабіць уражанне на
гледачоў, але не думаюць пра рашэнні”.

Суразмоўца
Еўрарадыё з МЗС Ізраіля заявіў: нягледзячы на тое, што формулы
вырашэння араба-ізраільскага канфлікту пакуль няма, сітуацыя знаходзіцца
пад кантролем. А ў кіраўніцтве Палесціны гэтыя словы пракаментавалі
так: пакуль будуюцца новыя ізраільскія пасяленні, а Сектар Газа
блакаваны ізраільскімі войскамі — акупацыя палесцінскіх тэрыторый
працягваецца. 

У той жа час начальнік палесцінскай паліцэйскай акадэміі Захер Сабах заявіў, што прыярытэтным для паліцыянтаў Палесціны з’яўляецца пытанне ізраільскай акупацыі. 
Карэспандэнт
Еўрарадыё пацікавіўся ў палкоўніка тым, каго насамрэч у такім выпадку
рыхтуе іх акадэмія — змагароў з крыміналам ці з ізраільскай акупацыяй.
Той сумеўся і адказаў, што рыхтуюць насамрэч паліцэйскіх. Вось толькі
акупацыя перашкаджае працаваць, бо Палесціна падзеленая на незвязаныя
паміж сабой Заходні бераг і Сектар Газа.
Глядзі таксама па тэме:
Жыхары Здэрота штодня чакаюць новых “касамаў” і новай вайны
Паміж еўракабінетамі чыноўнікаў і халупамі ўцекачоў
Фота: Змітра Лукашука