Каб доўга прабыць на марозе і не змерзнуць, спатрэбіцца 350 тысяч

Апошнім часам у сеціве пачала з'яўляцца інфармацыя, што ў крамах немагчыма набыць намёты ды розную адмысловую экіпіроўку для зімовых паходаў. Еўрарадыё вырашыла спраўдзіць гэтую інфармацыю і падлічыць прыкладныя цэны на неабходную для зімовых начовак у лесе атрыбутыку.

Што датычыцца намётаў, то знайсці іх у ГУМе ды ЦУМе насамрэч немагчыма. Рэч у тым, што ў ГУМе турыстычнай атрыбутыкай не гандлююць у прынцыпе, а ў ЦУМе намесніца загадчыка спартовай секцыі Аксана Лісюк патлумачыла адсутнасць намётаў недахопам попыту сярод пакупнікоў.

Аксана Лісюк: "Пакуль няма, не сезон. Пакуль мы спісалі пастаўшчыку, я думаю, мусім атрымаць, можа, толькі ў наступным годзе. Але ў гэтым ужо не будзе дакладна".

А вось у недзяржаўных ці інтэрнэт-крамах намёты нікуды не знікалі, нягледзячы на "не сезон", тым больш, што, паводле словаў дырэктара кампаніі "MyFish" Паўла, для зімніх паходаў лепш браць адпаведныя зімовыя намёты.

Павал: "Летнія намёты — гэта ў асноўным больш тоўстая тканіна, і яны ідуць з дном, а зімовыя — без дна. Функцыянальна атрымліваецца, што галоўнае — гэта абарона ад ветру і, зразумела, ад снегу. Ну, на двух чалавек трэба браць дзесьці два на два метры, гэта будзе каштаваць 120 тысяч. Ці большы намёт — 250 на 250, ён каштуе 165 тысяч".

Што тычыцца тэрмабялізны, то знайсці яе можна дзе заўгодна. Адзначым толькі, што ў ГУМ-е ды ЦУМ-е яна беларускай вытворчасці, але затое больш танная.

Аксана Лісюк: "Камплект мужчынскі — гэта "Дынама-Брэст" — 101 тысяча фуфайка і кальсоны, ну і паасобку можна набываць".

Калі ўсё ж такі беларускаму вытворцу даверу няма, то тыя ж прыватныя ды інтэрнэт-крамы прапануюць багаты выбар тэрмабялізны і па якасці, і па выглядзе, і па коштах. Але, паводле слоў дырэктара "MyFish" Паўла, паводле тэмпературнага паказчыку тэрмабялізна не класіфікуецца.

Павал: "Вы мерзнеце ад таго, што натуральныя тканіны насычаюцца вільгаццю. Перш за ўсё замярзае вось гэтая вільгаць, а потым ужо менавіта з-за гэтага мерзнеце вы. А галоўнай функцыяй тэрмабялізны і з'яўляецца адвядзенне вільгаці ад цела. Ёсць нацельнае, ёсць другі пласт тэрмабялізны, ёсць сярэдняя. Нацельная, напрыклад, каштуе 75 тысяч, другі пласт, які наверх апранаецца, — 120 тысяч, ёсць нацельная для паўсядзённай носкі, яна крыху даражэйшая — 150 тысяч".

Праўда, для зімовай начоўкі ў намёце Павал параіў не выкабеньвацца і браць самы танны камплект тэрмабялізны, ды каб на фуфайцы была высокая гарлавіна. Таксама дырэктар "MyFish" засцярог паходнікаў у карыстанні газавымі гарэлкамі для абагравання намёту. Маўляў, не раз былі выпадкі, калі рыбакі гінулі з-за таго што грэліся ад запаленага балона і не праветрывалі намёт.

Павал: "Газавага абсталявання ў нас хапае, выбар вялікі. Але шмат хто выкарыстоўвае проста пяцілітровы савецкі газавы балон плюс аднакамфорачную гарэлку. Усё гэта можна набыць у звычайнай краме гаспадарчых тавараў. Ёсць вытворцы, якія робяць абагрэў з закрытым агнём, і гэта не так небяспечна. Але зразумела, што захапляцца гэтым не трэба, бо ў намёце можна і ўгарэць. А кошты розныя: ад ста тысяч і значна вышэй".

Адзінае, чаго мы так і не здолелі знайсці ў крамах, гэта шкарпэткі з авечай воўны, якія раяць надзяваць у зімовыя паходы дактары. Такім чынам, каб не змерзнуць ноччу ў намёце, напрыклад, на бліжэйшыя выхадныя, трэба выдаткаваць каля 350 тысяч, і спаць, апрануўшы тэрмабялізну ва ўласным намёце з падагрэвам. 

Рэпартаж: Як зімой не змерзнуць на вуліцы і начаваць на марозе ў намёце?