"Інтэр" забіў "Барселоне" самы хуткі гол у гісторыі паўфіналаў Лігі чэмпіёнаў

Феерыя галоў і самы хуткі гол паўфіналаў прэстыжнага клубнага турніра / Reuters
30 красавіка адбыўся другі паўфінальны матч Лігі чэмпіёнаў. І ўжо на 30-й секундзе ён увайшоў у гісторыю. У Іспаніі “Барселона” прымала італьянскі “Інтэр”. Каманды выдалі феерычны матч, які скончыўся з лікам 3:3.
Першы гол быў забіты ўжо на 30-й секундзе — гулец “Інтэру” Цюрам эфектна пятачкай адправіў мяч у браму “Барселоны”. Гэта самы хуткі гол у паўфіналах Лігі чэмпіёнаў за ўсю гісторыю турніру!
Праз 20 хвілін Думфрыс ударам праз сябе павялічыў лік — 2:0 на карысць гасцей.

Пахла сенсацыяй, але гаспадары не разгубіліся і яшчэ да перапынку зраўнялі лік. Спачатку 17-гадовы вундэркінд “Барселоны” Ямаль скараціў адставанне, а потым Торэс аднавіў раўнавагу — 2:2.

У другім тайме галевая феерыя працягнулася. “Інтэр” зноў выйшаў наперад — дубль аформіў Думфрыс — 3:2.
Але ўжо праз некалькі хвілін прэтэндэнт на “Залаты мяч–2025” Рафінья магутным ударам з далёкай дыстанцыі зраўняў лік — 3:3. Праўда, гол афіцыйна быў запісаны на галкіпера “Інтэра” Зомера — мяч трапіў у перакладзіну, адскочыў яму ў спіну і заляцеў у сетку.

Госці былі вельмі блізкія да сенсацыйнай перамогі, але чацвёрты гол італьянцаў быў адменены пасля прагляду VAR.

Гульня ў адказ адбудзецца ў Мілане.
Нагадаем, 29 красавіка ў першым паўфінале ПСЖ у Лондане перамог “Арсенал” з лікам 1:0.
Фінал Лігі чэмпіёнаў пройдзе 31 траўня ў Мюнхене.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.