Гэта магчымасць абмеркаваць з ЗША нацыянальныя інтарэсы Беларусі — Кавалеўскі

Валерый Кавалеўскі

Валерый Кавалеўскі / Еўрарадыё

Кіраўнік Агенцтва еўраатлантычнага супрацоўніцтва Валерый Кавалеўскі пазітыўна ацаніў магчымы візіт спецпасланніка прэзідэнта ЗША Кіта Келага ў Беларусь. На яго думку, такі візіт дазволіць абмеркаваць нацыянальныя інтарэсы Беларусі з ЗША ў кантэксце рэгіянальнай бяспекі.

Кавалеўскі мяркуе, што магчымы візіт Кіта Келага звязаны з намаганнямі ЗША заключыць мірнае пагадненне паміж Украінай і Расіяй. На яго думку, такое пагадненне можа быць устойлівым, толькі калі Расія страціць кантроль над Беларуссю.

"З пачатку поўнамаштабнага ўварвання Беларусь з'яўляецца неад'емнай часткай расійскай агрэсіі. Гэта паказала, наколькі небяспечна ігнараваць сітуацыю ў Беларусі і якія наступствы для рэгіянальнай бяспекі мае недаацэнка краіны ў геаграфічным цэнтры Еўропы. Калі казаць пра мірнае пагадненне, то ўстойлівае яно будзе толькі пры ўмове, што Расея страціць кантроль над Беларуссю і не зможа выкарыстоўваць нашу краіну для новых ваенных дзеянняў супраць Украіны ці іншых еўрапейскіх суседзяў. І гэтую частку мірнага пагаднення неабходна абмяркоўваць ужо цяпер", — перадае яго словы reform.news.

Разам з тым, мяркуе Кавалеўскі, пры сустрэчы можа абмяркоўвацца развязанне беларускага палітычнага крызісу.

"Разам з тым я ўпэўнены, што на парадку дня будуць і іншыя пытанні, якія сталі часткай беларускага крызісу: санкцыі, вызваленне палітвязняў, міграцыйны крызіс, спыненне рэпрэсій, аднаўленне дзейнасці амерыканскай амбасады ў Беларусі", — адзначае эксперт.

Ён нагадаў, што ў лютым Мінск наведаў прадстаўнік Дзярждэпартамента ЗША Крыс Сміт з прапановай вызваліць палітвязняў у абмен на зняцце санкцый. Пасля гэтага перамовы працягваліся ў закрытым рэжыме. А ў красавіку Мінск зноў наведала амерыканская дэлегацыя на чале з Джонам Коўлам, намеснікам Келага.

Мяркуецца, што візіт Кіта Келага ў Беларусь адбудзецца бліжэйшымі днямі.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.