Ганаровы консул: Ад выплаты штрафу ДАІ дыпламатычны нумар не ўратаваў
Як беларусы становяцца Ганаровымі консуламі іншых краін і якія яны маюць выгады ад свайго статусу, высвятляе Еўрарадыё.
Па Мінску з дыпламатычнымі нумарамі ездзяць не толькі дыпламаты, але і простыя грамадзяне нашай краіны, якія атрымалі статус Ганаровага консула іншай краіны. І такіх у нас, паводле слоў кіраўніка прэс-службы беларускага МЗС Андрэя Савіных, ажно 21 чалавек. Прычым прадстаўляюць як блізкія і добра знаёмыя краіны, так і самыя экзатычныя дзяржавы.

Ніякіх асаблівых заслуг перад Дамініканскай Рэспублікай, прызнаецца генеральны дырэктар “Белмедінфарма” Мікалай Небышынец, ён не меў. А Ганаровым консулам стаў… па знаёмстве.
Мікалай Небышынец: “Так атрымалася, што я добра ведаў амбасадара і намесніка амбасадара Дамініканскай Рэспублікі ў Маскве — намеснік вучыўся ў свой час у Мінску ў Політэхнічным універсітэце. І яны прапанавалі маю кандыдатуру. Маўляў, я 12 гадоў узначальваў Федэрацыю дзюдо, шмат іншых грамадскіх прац вёў, займаюся бізнесам, медыцынай, у мяне 40 аптэк, будаўніцтвам”.
Проста прапанаваць знаёмага і паспяховага чалавека мала — амаль два гады адпаведныя дамініканскія службы правяралі біяграфію кандыдата. Але ў выніку ўказам прэзідэнта Мікалай Небышынец быў прызначаны Ганаровым консулам. Такую ж двухгадовую праверку прайшоў і кандыдат у Ганаровыя консулы Паўднёва-Афрыканскай Рэспублікі Анатоль Скрыпка. Дарэчы, на момант прызначэння Ганаровым консулам у былога беларускага дыпламата заслуг перад ПАР не было і “быць не магло”.
Анатоль Скрыпка: “Я быў рэкамендаваны Гандлёва-прамысловай палатай амбасадзе ПАР і Міністэрству замежных спраў Беларусі. Ну, і яны звярнулі на мяне ўвагу…”
Выдаваць візы ў краіны, якія яны прадстаўляюць, Небышынец і Скрыпка не могуць. І заробку ніякага не атрымліваюць. Затое атрымалі “чырвоныя аўтамабільныя нумары”. Толькі, кажа гендырэктар “Белмедінфарма”, асаблівых пераваг на дарозе яны не даюць.
Мікалай Небышынец: “Быў выпадак — крыху падрапаў іншую машыну. Выклікалі ДАІ, яны склалі пратакол, у ДАІ сказалі, што мушу аплаціць штраф. Я паспрабаваў нагадаць пра “Венскую канвенцыю”. Яны патэлефанавалі ў пратакольнае ўпраўленне МЗС і там сказалі: “Маеце права караць!” Таму мы, як і ўсе астатнія грамадзяне, — роўныя”.
Праўда, дадае, праз мяжу беларусы яго прапускаюць без чаргі, але на адваротным шляху з той жа, да прыкладу, Вільні, даводзіцца чакаць разам з усімі. І яшчэ: нумары нашы Ганаровыя консулы маюць не з літарамі CD, як у выпадку з фота машын іх расійскіх калег, а з CC.
Што да абавязкаў, то найперш Ганаровыя консулы павінны дапамагаць грамадзянам краіны, якую яны прадстаўляюць.
Анатоль Скрыпка: “Ёсць адзін грамадзянін ПАР, які адбывае пакаранне на тэрыторыі Беларусі за здзейсненае злачынства. Яго даводзіцца наведваць па месцы адбыцця пакарання, высвятляць яго самаадчуванне, як яго ўтрымліваюць, ці няма нараканняў на гэты конт, дапамагаць яму з атрыманнем інфармацыі з радзімы, прашэнні ён пэўныя выказвае”.
У Небышынца з “землякамі” праблем больш. Згодна са словамі Ганаровага консула, дамініканцы даволі часта імкнуцца выехаць з Беларусі ў ЕС, патрапіўшы ў нашу краіну з расійскай візай у пашпарце. Даводзіцца, кажа суразмоўца Еўрарадыё, і грашыма дапамагаць, і час траціць. І такіх выпадкаў толькі сёлета было каля 10.
А яшчэ Ганаровыя консулы іншых краін дапамагаюць роднай краіне… разгружаць склады!
Мікалай Небышынец: “Неабходную працу праводжу з Дамініканскай Рэспублікай — каб туды пастаўляць медыкаменты, туды ўжо пачалі пастаўляць нашы трактары, прапрацоўваецца пытанне паставак “Белшынай” шын”.
Такую працу на карысць беларускіх вытворцаў праводзіць і Анатоль Скрыпка з ПАР. Гэта, кажуць консулы, выгадна і Беларусі — вызваляем склады, і краінам, якія яна прадстаўляюць, — прапаноўваюць ім тое, што найбольш патрэбна.
Выконваюць Ганаровыя консулы і яшчэ адну “сакрэтную” місію на карысць замежных краін.
Анатоль Скрыпка: “Афіцыйным абавязкам амбасадараў, консулаў, пасланнікаў, гандлёвых прадстаўнікоў з’яўляецца збор інфармацыі ўсімі магчымымі законнымі сродкамі аб краіне знаходжання. І інфармаванне свайго ўраду пра тыя працэсы, сітуацыі, тэндэнцыі, якія тут адбываюцца. У гэтым і ёсць функцыя любога прадстаўніцтва”.
Ну, а яшчэ Ганаровы консул Дамініканскай Рэспублікі хоча дапамагчы беларусам ездзіць у гэтую краіну без віз. Кажа, працуе над гэтым пытаннем. Праўда, туды можна ездзіць па шэнгенскай візе. Улічваючы тое, колькі беларусаў гэты шэнген мае… Але ж усё адно прыемна!
Што да саміх Ганаровых консулаў, то ім, сцвярджаюць, прыемна ад выказанага даверу. І працай гэтай займаюцца толькі таму, што любяць быць карыснымі. А чырвоныя нумары і сцяг краіны, якую прадстаўляюць, над дзвярыма кватэры (Ганаровы консул мае на гэта права) — справа дзесятая.
Нагадаю, днямі ў Маскве заўважылі шыкоўныя Bentley и Porsche з беларускімі дыпламатычнымі нумарамі.


Як патлумачыў Андрэй Савіных, аўтамабілі належаць расіянам — Ганаровым консулам Беларусі ў Расіі. І гэта не першы скандал у Маскве з дыпнумарамі.
Фота: texnokz.kz, @RublevkaLive