ФСБ у Крыме затрымала і катавала экс-сілавіка з Беларусі — "Вясна"

Генрых Агееў

Генрых Агееў / spring96.org

Былога беларускага сілавіка затрымалі ў Крыме і выдалі ў Беларусь. Яго абвінавачваюць у працы па заданні BYPOL, але Аляксандр Азараў абвяргае, што даручаў нешта Генрыху Агееву.

У Беларусі Агееў скончыў Ваенную акадэмію і служыў ва ўнутраных войсках. У 2020-м звольніўся. А ў лютым 2024 года яго затрымалі, калі ён выязджаў з тэрыторыі акупаванага расіянамі Крыма.

Праваабарончы цэнтр "Вясна" піша, што прыкладна паўгода з яго выбівалі паказанні ў СІЗА ў Сімферопалі, а пасля перадалі ў Беларусь. Пра гэта стала вядома са словаў яго былога сукамерніка па мінскім СІЗА.

Цяпер Генрыха Агеева абвінавачваюць паводле некалькіх цяжкіх артыкулаў, у тым ліку — "здрада дзяржаве" і "ўдзел у тэрарыстычнай арганізацыі". У віну яму закідаюць працу на BYPOL. Але Аляксандр Азараў сцвярджае, што "не адпраўляў ні Агеева, ні каго-небудзь іншага за межы Беларусі для выканання якіх-небудзь заданняў".

Кіраўнік BYPOL дадае, што ведае пра спробы звязвацца з актывістамі ад імя яго арганізацыі. І заклікае карыстацца толькі афіцыйнымі кантактнымі данымі.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.