Еўра ў Беларусі падаражэў да 3,4 рубля
Еўра / ілюстрацыйнае фота pixabay.com
Еўра сёння падаражэў падчас таргоў на Беларускай валютна-фондавай біржы. Еўрапейская валюта дадала 0,03%. У выніку курс дасягнуў псіхалагічнай адзнакі ў 3,4 рубля за еўра.
Трохі падаражэлі і даляр (плюс 0,01%, курс па выніках таргоў — 3,019), і расійскі рубель (плюс 0,03%, курс па выніках таргоў — 3,3339 за 100 расійскіх рублёў). Юань патаннеў на 0,43%, або на 1,79 капейкі. 10 юаняў ацанілі ў 4,1817 рубля.
Адзначым, што ў абменных пунктах банкаў еўра пакуль і купляюць, і прадаюць па курсе ніжэй за 3,4 рубля. Нацбанк на 24 ліпеня ўстанавіў курс еўра на ўзроўні 3,3593 рубля за адну адзінку еўрапейскай валюты.