Дом пенсіянеркі пад Баранавічамі абрабавалі зламыснікі ў масках

Дом пенсіянеркі пад Баранавічамі абрабавалі зламыснікі ў масках

Зламыснікі ў масках уварваліся ўначы ў дом пенсіянеркі ў Баранавіцкім раёне. Падрабязнасці здарэння агенцтву БЕЛТА распавёў афіцыйны прадстаўнік УУС Брэсцкага аблвыканкама Сяргей Дучэнка.

Напад адбыўся 26 сакавіка прыкладна ў дзве гадзіны ночы ў вёсцы Русіна. У дом адзінокай 74-гадовай жанчыны ўварваліся дзве жанчыны і мужчына, якія былі ў масках і пальчатках. Пенсіянерка паведаміла, што зламыснікі звязалі яе і запатрабавалі грошы. Потым яны забралі 250 рублёў і ўцяклі.

Жанчына здолела вызваліцца каля сёмай гадзіны раніцы. Яна звярнулася да суседзяў, якія выклікалі міліцыю. Саму пацярпелую жанчыну даставілі ў лякарню.