Для замежных добраахвотнікаў ва Украіне спрасцілі набыццё грамадзянства

Каліноўцы, ілюстрацыйнае фота / t.me/KalinouskiPolk
Для атрымання грамадзянства Украіны цяпер замежнаму добраахвотніку будзе дастаткова адслужыць паводле кантракту адзін год замест ранейшых трох. Гэтае спрашчэнне набыцця грамадзянства ўводзяць нядаўна прынятыя ва Украіне змены ў закон аб множным грамадзянстве.
Пра гэта ў каментары Hromadske заявіў в.а. начальніка аддзела каардынацыі па пытаннях праходжання ваеннай службы замежнікамі ва УСУ Канстанцін Мілеўскі. Ён дадаў, што "шырокага агучвання гэтай навіны не было", а сам закон набудзе моц праз паўгода.
Гэтыя і папярэднія папраўкі аб магчымасці падавацца на ўкраінскае грамадзянства па пратэрмінаваных пашпартах датычаць пераважна беларускіх і расійскіх добраахвотнікаў. "У 95% з 100 — так, гэта будзе тычыцца выключна іх. Бо для прадстаўніка іншай краіны не з'яўляецца праблемай атрымаць іншы пашпарт, калі ў яго скончыўся тэрмін", — патлумачыў Мілеўскі.
Прадстаўнік Мінабароны прызнаў, што замежныя байцы з пратэрмінаванымі і згубленымі дакументамі маюць праблему, але вайсковае ведамства не ў стане яе вырашыць: "Як хутка і якое выйсце з яе знойдуць і як потым імплементуюць у наша заканадаўства — я не ведаю. Бо над гэтым не мы, вайскоўцы, павінны думаць, а дзяржаўныя ўстановы, якія адказваюць за гэта".
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.