Для прызнання выбараў Еўропай хопіць 10 апазіцыянераў у парламенце?

Еўрарадыё вырашыла даведацца, што для Еўропы значаць “дэмакратычныя выбары” і па якіх крытэрах Еўрасаюз будзе вырашаць, што выбары дэмакратычныя. Кіраўнікі МЗС краінаў ЕС гатовыя адмяніць санкцыі ў адносінах да Беларусі. Аднак спачатку ацэняць парламенцкія выбары. Доступ апазіцыйных кандыдатаў да СМІМіжнародны аглядальнік Раман Якаўлеўскі лічыць, што ў Еўразвязе яшчэ не прыйшлі да агульнай высновы, наколькі дэмакратычна праходзіць перадвыбарны працэс у Беларусі. Таму яны будуць чакаць да самага канца – 28 верасня.

Раман Якаўлеўскі: “Яны паглядзяць, што ўсё ж такі будзе 28 верасня. На маю думку, гэта сведчыць аб тым, што няма адзінства ў Брусэлі наконт працэсаў, якія зараз адбываюцца ў Беларусі”.

Хаця ў той жа час, спадар Якаўлеўскі мяркуе, што для Еўрасаюзу галоўнае не колькасць апазіцыйных кандыдатаў, якія пройдуць у парламент, а тое, як праходзіць сам перадвыбарны працэс. На думку журналіста, выбары ўжо сёння нельга лічыць дэмакратычнымі. Аднак адносіны Беларусі і Еўрасаюзу – прагматычныя. Таму вынік можа быць непрадказальным.

Раман Якаўлеўскі: “На прызнанне выбараў могуць паўплываць іншыя абяцанкі ўлады. Я маю на ўвазе латэнтны, скрыты працэс прыватызацыі Беларусі. Вось, калі пэўны доступ да беларускага рынку Еўрапейскіх бізнес-структур, як абяцае Лукашэнка, будзе, то відавочна і прызнанне”.

Палітычны аглядальнік польскай “Газеты выборчай” Вацлаў Радзівіновіч лічыць, што байкатуючы выбары, апазіцыя ставіць Еўропу ў вельмі складанае становішча.

Вацлаў Радзівіновіч: “Гэта толькі паставіць Еўропу ў вельмі цяжкае становішча. Глядзіце. Мы хацелі зрабіць проста тэст. Хацелі зрабіць праверку на вашывасць. А нам нават не далі такой магчымасці. Але не з-за ўчынку спадара Лукашэнкі, а толькі з-за неразумнага, немудрага ўчынку самой апазіцыі”.

Спадар Радзівіновіч таксама думае, што галоўнае не колькасць апазіцыі, якая пройдзе ў парламент, а сама перадвыбарная кампанія: доступ апазіцыйных кандыдатаў да СМІ, падыход праваахоўных органаў да кандыдатаў, фарміраванне выбарчых камісіяў, падлік галасоў. Канечне, казаць пра цалкам дэмакратычныя выбары нельга ўжо. Але Еўропа будзе глядзець хаця б на адносную дэмакратычнасць у параўнанні з мінулымі выбарамі.

Вацлаў Радзівіновіч: “Нават пры ўсім жаданні дэмакратычных выбараў не атрымаецца, таму што няма структураў, няма партыяў, няма свабодных СМІ. А без гэтага ўсяго пра дэмакратычныя выбары казаць нельга”.

Аднак, калі апазіцыйных кандыдатаў будзе менш за дзесятак, гэта будзе проста смешна. Хаця б 10-15 чалавек – гэта крытычная маса, лічыць Вацлаў Радзівіновіч:

“Калі б прайшоў адзін, то гэта, канечне, смешна. І гэта проста адмашка. Але якая крытычная маса – гэта ўжо вырашаць Еўропе. Але я думаю, што казаць пра штосьці можна будзе толькі на ўзроўні 10-15 чалавек ад апазіцыі. Не павінна быць менш”.

У той час, калі палітычныя аглядальнікі не могуць упэўнена сказаць, ці прызнае Еўрасаюз беларускія выбары, старшыня партыі БНФ Лявон Баршчэўскі аўтарытэтна заявіў, што Еўропа ўжо рыхтуе хаця б частковае прызнанне парламенцкіх выбараў.

Лявон Баршчэўскі: “Сёння я афіцыйна заяўляю, што вельмі ўплывовыя колы Захаду рыхтуюць, хай сабе абмежаванае, Палаты Прадстаўнікоў, як легетымнага органа, з якім будуць пашыраныя кантакты пасля гэтых так званых выбараў 28-га. На жаль, гэтая лінія знайшла прыхільнікаў у Беларусі”.

Між тым, Злучаныя Штаты нават не збіраюцца чакаць вынікаў выбараў і адменяць некаторыя санкцыі яшчэ да 28 верасня. Пра гэта ў інтэрв’ю Еўрарадыё паведаміў намеснік памочніка дзяржсакратара ЗША Дэвід Меркел:

“Мы збіраемся зрабіць дадатковыя крокі ў кірунку адмены санкцый яшчэ да парламенцкіх выбараў. А пасля, калі будзе прагрэс, мы паглядзім, што можна будзе зрабіць дадаткова”.




Выкананне ўмоваў для прызнання выбараў:

Доступ апазіцыйных кандыдатаў да СМІ
+
Дастатковая колькасць незалежных СМІ -
Станоўчы падыход праваахоўных органаў да кандыдатаў +
Дастаковая колькасць апазіцыі ў выбарчых камісіях -
Справядлівы падлік галасоў ?
Апазіцыя ў парламенце ?
Доступ да беларускага рынку Еўрапейскіх бізнес-структур +




Фота bymedia.net