Дэпутат Дзярждумы РФ асудзіў Лукашэнку за адмову ад тэледэбатаў

Пра гэта ў адказ на пытанне Еўрарадыё заявіў вядомы расійскі журналіст, дэпутат Дзярждумы РФ Барыс Рэзнік падчас сустрэчы з журналістамі з Беларусі, Украіны, Малдовы, Грузіі, Арменіі і Азербайджана.

Як палітык і журналіст Рэзнік асудзіў адмову Аляксандра Лукашэнкі ўдзельнічаць у тэледэбатах і выступаць перад выбарцамі нароўні з астатнімі прэтэндэнтамі.

Рэзнік: "Гэта няправільны падыход, на мой погляд (адмова ў выступах па тэлебачанні і радыё. – ЕРБ). Ёсць "дзень цішыні" за дзень да выбараў. Так ва ўсім свеце прынята. А так – трэба прадастаўляць слова. Не вельмі правільна, калі ў дэбатах не ўдзельнічае першая асоба. Трэба адказваць апазіцыі на іх нейкія тэзісы, якія яны падчас перадвыбарчай кампаніі публічна выказваюць".

Рэзнік запэўніў, што расійскія ўлады ўважліва сочаць за тым, што адбываецца цяпер у Беларусі, але свайго "стаўленніка" сярод кандыдатаў у Крамля няма.