Дарафеева вяртацца да канцэртаў для камбайнёраў у палях больш не хоча

Еўрарадыё: Наколькі лета гэтага года напружанае ў вас?



Ірына Дарафеева: Усё так, як у большасці сапраўдных артыстаў, — шмат канцэртаў. У жніўні збіраюся выступіць у чатырох вялікіх гарадах са “стадыённымі” канцэртамі. Буду ў Баранавічах на адкрыцці новага стадыёна, у Гомелі будзе два канцэрта і адзін з іх у новым Палацы культуры чыгуначнікаў, у Салігорску будзе канцэрт і яшчэ недзе… Да канца восені ў мяне будзе каля 20 канцэртаў.



Еўрарадыё: А як жа ваш канцэртны тур “для камбайнёраў”, калі вы ладзілі канцэрты проста ў полі?



Ірына Дарафеева: Тыя акцыі, што ў мяне былі: “Пад мірным небам”, “Заўсёды са сваім народам” — такія гучныя назвы тураў! — гэта ўсё было, і вяртацца да гэтага больш не хацелася б. Ну, мяне запрашаюць па другім ці па трэцім разам пэўныя прадпрыемствы, гаспадаркі ў свае пасёлкі, каб адзначыць тыя ж Дажынкі. Але такія вось “туравыя” канцэрты зараз не праходзяць, бо гэта дастаткова складана і я гэты подзвіг ужо паўтарыла двойчы! Некалькі канцэртаў такога кшталту ў месяц адбываюцца, але больш у туры, якія цягнуцца тыдзень ці месяц, такога няма. Тым і цікавыя тур ці акцыя, калі гэта аднойчы і гэта — непаўторанае. Нікім.



Еўрарадыё: Жніво пачалося, і людзі ў палях, магчыма, ужо чакаюць вас…



Ірына Дарафеева: Калі мяне запрашаюць, я з задавальненнем прыязджаю. І не трэба з таго, што сёлета ў такі тур я не паеду, спрабаваць зрабіць нейкую сенсацыю. Вы спрабуеце ўзгадаць тое, што было раней, таму што ў вас няма нічога сенсацыйнага, каб напісаць? А я ж магу вам расказаць пра свае планы, пра тое, што ў мяне будзе выходзіць новы дыск, пра новыя песні. Навошта дражніць людзей, якія ніколі не былі ў вёсцы і якія не бачылі таго рэальнага жыцця?! І якія думаюць, што там жывуць нейкія іншыя людзі: у горадзе — белыя, а на вёсцы — чорныя. Вы ж паглядзіце, што пасля размоў на гэту тэму пішуць у інтэрнэце на вашых усіх блогах і ў каментарах!



Еўрарадыё: Давайце раскажам людзям пра ваш новы альбом…



Ірына Дарафеева: Мы працавалі два гады, гэта будзе такі сімфа-рокавы альбом. Думаю, я буду яго рабіць у інтэрнэт-версіі — не бачу сэнсу рабіць наклад кампакт-дыскаў для продажу. Калі толькі зробім падарункавы наклад, каб можна было падарыць дыск падчас прэзентацыі. Альбом будзе называцца “Птушка шчасця” паводле аднайменнай песні аўтаркі з Маладзечна Таццяны Атрошанкі. Частка маіх прыхільнікаў любіць мае беларускамоўныя песні, і таму стараюся зрабіць ім падарунак — альбом будзе беларускамоўны.



Еўрарадыё: Амаль год, як вы сталі загадчыкам кафедры эстраднага мастацтва Універсітэта культуры, — як працуецца на гэтай пасадзе?



Ірына Дарафеева: Атрымліваю вялізнае задавальненне — адчуваю, што мяне прыняў калектыў. За год было шмат зроблена ў паляпшэнні матэрыяльнай базы: набылі шмат новага абсталявання — добрыя інструменты, камп’ютары, апрацоўкі і ўсё астатняе, што трэба, каб маглі нармальна займацца і інструменталісты, і вакалісты. Складана правільна іграць на электрагітары, калі яна — не электрагітара. Альбо калі гэтаму інструменту ўжо 30 гадоў. Для мяне галоўнае, каб і выкладчыкі, і студэнты атрымлівалі задавальненне ад навучання.



Еўрарадыё: А ці ініцыявалі вы змены ў выкладанні ці ў складзе калектыву выкладчыкаў?



Ірына Дарафеева: Канешне, з’явіліся новыя педагогі. Як летась, гэтак і сёлета я прысутнічала на ўступных іспытах, вельмі моцны набраны курс. Дзеці таленавітыя — усе закончылі музычныя каледжы ці вучэльні. Я вельмі радая, што імідж нашай кафедры расце. Частку з тых дзяцей, што паступілі, я ўжо запрасіла на працу ў “Тэатр песні Ірыны Дарафеевай”.



Еўрарадыё: А чым яшчэ вы займаецеся ўлетку?



Ірына Дарафеева: А яшчэ я будую дом і кожны дзень — на будоўлі! Будуюся ў Дзяржынскім раёне, але я не буду называць канкрэтнае месца — каб мая “ціхая гавань” была насамрэч ціхай. Буду там жыць, калі пабудую дом! Праўда, пакуль у мяне там зроблены толькі першы паверх, газон і пасаджаныя 176 туй — вось такая зялёная агароджа.



Еўрарадыё: Вырашылі развітацца з горадам?



Ірына Дарафеева: У горадзе вельмі складана: ад працы стамляешся, а дом у мяне з добрай чутнасцю і суседзямі, якія спяваюць. Марыла пасяліцца ў такім доме, каб была цішыня і можна было атрымліваць асалоду ад прыроды. Калі я туды перасялюся — так далёка загадваць не буду. Трэба вельмі шмат працаваць, каб яго дабудаваць! А яшчэ мне падарылі сабаку — той-тэр’ера. Яго клічуць Дафіна. Таму — у маім жыцці ўсё выдатна.



Еўрарадыё: Не падлічвалі, у колькі абыдзецца дом?



Ірына Дарафеева: Дом будзе не вельмі вялікі, але — двухпавярховы, мансардны. З тэрасай і балконам.



Еўрарадыё: Перад участкам будзе шыльда: “Рэзідэнцыя Ірыны Дарафеевай”?



Ірына Дарафеева: Не, канешне! У мяне ўсё будзе сціпла. Але — з густам.
 

Фота: з сайта Ірыны Дарафеевай, kp.by