Ціханоўская: дамовіцца не з Лукашэнкам, а з тымі, хто застанецца пасля яго
Святлана Ціханоўская выказалася на конт таго, чаму ў траўні так і не адбыліся перамовы ўлады і апазіцыі ў Беларусі. А менавіта яна і людзі з яе каманды іх анансавалі.
"Травень не быў прадказаннем, травень быў мэтай, — кажа Ціханоўская ў каментары TUT.by. — Пры ўмове інтэнсіўнага ўнутранага і вонкавага ціску, перамовы сапраўды маглі б адбыцца ўжо ў траўні".
Паводле яе слоў, "удалося нарасціць знешні ціск... зрабілі ўсё неабходнае, усе пляцоўкі і партнёры гатовыя". Святлана Ціханоўская падкрэслівае, што стаіць задача "дамовіцца не з Лукашэнкам, а з тымі, хто застанецца пасля яго". Яна прызнае, што гэтыя людзі не маюць легітымнасці. Аднак "у любым выпадку і пры любым зыходзе" вырашыць крызіс у Беларусі можна толькі праз перамовы.
Пакуль жа відавочна, што афіцыйны Мінск весці перамовы са Святланай Ціханоўскай нават пры ўдзеле міжнародных пасярэднікаў не жадае.