Ці супярэчыць падаражанне бензіну загаду Саўміна аб замарожванні цэнаў

З першымі хвілінамі 13 студзеня змяніліся цэны на аўтазаправачных станцыях — бензін у чарговы раз падаражэў. А за некалькі дзён да гэтага выраслі цэны на міжнародныя цягнікі. Як такое магчыма? Рост цэнаў жа замарозілі.
 
Чытаем пастанову Саўміна ад 19 снежня за подпісам яшчэ Міхаіла Мясніковіча: “Міністэрству прамысловасці … Беларускаму дзяржаўнаму канцэрну па нафце і хіміі, іншым рэспубліканскім арганізацыям дзяржаўнага кіравання і дзяржаўным арганізацыям, падначаленым Ураду Рэспублікі Беларусь, аблвыканкамам, Мінскаму гарвыканкаму, не дапускаць росту адпускных цэнаў на тавары, якія вырабляюць падначаленыя арганізацыі. Папярэдзіць кіраўнікоў названых дзяржаўных органаў і арганізацый аб персанальнай адказнасці за выкананне гэтага даручэння”.
 
 
Атрымліваецца, што “Белнафтахім” і Беларуская чыгунка парушылі Пастанову Саўміна? 
 
“У нас няма ніякіх лістоў ці зваротаў пра тое, што мы нешта парушылі. Звяртайцеся ў наглядныя органы, да тых, хто можа нас пракантраляваць і сказаць, парушылі мы нешта ці не. У мяне каментарыяў на гэтую тэму няма для вас!” — так рэагуе кіраўнік прэс-службы “Белнафтахіма” Марына Касцючэнка на зварот Еўрарадыё з нагоды сённяшняга павышэння цэнаў на аўтамабільнае паліва. 
 
Заўважце, яна нават ніякім чынам не спрабуе апеляваць да таго, што, маўляў, у нас цана паліва прывязаная да курсу долара. Як гэта робіць начальнік пасажырскіх перавозак Беларускай чыгункі Андрэй Кашко. 
 
Андрэй Кашко: “Усе тарыфы на міжнародныя перавозкі фармуюцца ў тарыфнай валюце, якой з’яўляецца швейцарскі франк. Калі курс нацыянальнай валюты ў той ці іншай дзяржаве адносна швейцарскага франка змяняецца, гэта выклікае пэўныя ваганні кошту праязных дакументаў. Таму ніхто не падвышаў ніякіх тарыфаў на гэты год”.
 
Маўляў, чыгунка тут ні пры чым, яна цэнаў праезду не падвышала — усе прэтэнзіі да курсу беларускай валюты. І скардзіцца, што 18 снежня павінная была пачаць дзейнічаць “іх” Пастанова наконт падвышэння цаны праезду ўнутры краіны. Але праз згаданую пастанову Саўміна “яна не набыла моц, і таму тарыфы на ўнутраныя перавозкі застаюцца на ранейшым узроўні”.
 
Тым не менш мы вырашаем скарыстацца парадай прадстаўніка “Белнафтахіму” і звярнуцца ў наглядныя органы. У Камітэце Дзяржкантролю прызнаюць, што яны “манітораць” сітуацыю з цэнамі ў краіне, але галоўны кантралёр — Мінгадлю. Там адказу на галоўнае пытанне, ці парушае “Белнафтахім” Пастанову Саўміна, адказу не маюць, адказвае кіраўнік прэс-службы Мінгандлю Алена Маліноўская.
 
Тым не менш абяцаюць ператэлефанаваць, калі будзе нейкі ўцямны каментарый. Будзем чакаць. І каментарыя, і вяртання цэнаў на бензін да ўзроўню 18 снежня 2014 года. Галоўнае, каб рашэннем Мінгадлю не спынілі на 10 дзён дзейнасць беларускай чыгункі, як гэта цяпер робяць з крамамі, што парушаюць у тым ліку і Пастанову Саўміна…