Чэхія гатова прыняць усіх беларускіх палітуцекачоў
І абяцае не выдаваць іх Беларусі, нягледзячы на патрабаванні Інтэрполу. А актывістам апазіцыі могуць выдаваць візы па спрошчанай працэдуры.
Пра гэта падчас сустрэчы з дэлегацыяй беларускіх дэмакратычных сілаў заявіў міністр унутраных справаў ЧэхііРадэк Ён.
“Чэхія ведае, што КДБ мае даволі вялікія магчымасці для маніторынгу сітуацыі, і як толькі пачнуцца працэдуры палітычнага прытулку, тут жа з’яўляецца ліст Інтэрполу, што гэтага чалавека трэба выдаць. Чэхія не будзе здзяйсняць экстрадыцыі беларускіх палітуцекачоў. Больш за тое, Чэхія гатовая прыняць і схаваць усіх беларускіх палітуцекачоў, якія пацярпелі ад рэпрэсій, звязаных з прэзідэнцкімі выбарамі 19 снежня 2010 года” – сказаў прадстаўнік МУС .
На сустрэчы з чэшскім міністрам і дырэктарам аддзелу па міграцыі Томашам Хайшманам прысутнічалі Сяргей Калякін, Станіслаў Шушкевіч, Аляксандр Казулін, Дзніс Садоўскі і Віктар Івашкевіч.
Чэхія, найхутчэй, не пойдзе шляхам Польшчы па скасаванні аплаты за нацыянальныя візы, а спросціць парадак атрымання і скасавання аплаты віз для прадстаўнікоў дэмакратычнай апазіцыі ды грамадзянскай супольнасці Беларусі. Пра гэта заявілі міністр унутраных спраў Чэхіі Радэк Ён і дырэктар аддзелу па міграцыі чэшскага МУС Томаш Хайшман на сустрэчы ў Празе з прадстаўнікамі беларускай апазіцыі. Па словах міністра, Чэхія будзе цвёрда выказвацца за павелічэнне спісу неўязных службовых асобаў, вінаватых у фальсіфікацыях выбараў і палітычных рэпрэсіях пасля 19 снежня.
"Гэтыя пытанні датычыліся магчымасці іншага падыходу да выдачы шэнгенскай візы для ўсіх беларускіх грамадзянаў. Таксама мы абмеркавалі пытанне магчамага стварэння міжнароднай камісіі – яны разгледзелі і падтрымалі рэзалюцыю літоўскага парламента. Таксама мы абмеркавалі пытанне, каб кожны беларус, які церпіць ад рэпрэсій, мог знайсці ў Чэхіі сваё месца, абарону жыцця і здароўя”, — распавёў Еўрарадыё Аляксандр Казулін.