Бяздомнага, на якога распачалі крымінальную справу, прызналі палітвязнем
У Беларусі яшчэ шэсць чалавек прызнаныя палітвязнямі. Гэта — Павел Белавус, Аляксандр Зялюткін, Аляксандр Кутас, Мікалай Сяргеенка, Марына Неўдах і Уладзімір Мельнік. Праваабаронцы лічаць іх справы палітычна матываванымі і патрабуюць вызвалення.
У Беларусі цяпер 967 палітвязняў.
Белавус — заснавальнік Symbal.by. Нядаўна ён стаў падазраваным па крымінальнай справе, артыкул — "арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, або актыўны ўдзел".
59-гадовы Кутас — бяздомны. Сёлета яго дзесяць разоў затрымлівалі ў Мінску за "несанкцыянаванае пікетаванне", на Акрэсціна ён правёў не менш за 130 сутак. Днямі стала вядома, што супраць яго пачалі крымінальную справу за "неаднаразовае парушэнне парадку правядзення масавых мерапрыемстваў".