Беларусы таўсцеюць з-за алкаголю, малых даходаў і традыцыйнай кухні
Па словах дыетолагаў, праз 15 гадоў мы можам дагнаць амерыканцаў. Ужо сёння двое з трох мужчын і сем з 10 жанчын у Беларусі маюць лішнюю вагу.
Беларусы самыя тлустыя сярод жыхароў краін СНД і працягваюць
тлусцець з кожным годам. Такія высновы рапарту Сусветнай арганізацыі
аховы здароўя ААН. Па звестках арганізацыі, двое з трох мужчын і сем з
10 жанчын у Беларусі маюць лішнюю вагу. З іх кожная трэцяя жанчына і
кожны шосты мужчына — атлусценне. У Расіі, напрыклад, гэтыя паказчыкі
амаль удвая ніжэйшыя. Спецыялісты папярэджваюць, што такімі тэмпамі,
прыкладна, праз 15 год беларусы дагоняць амерыканцаў.
Адной
з асноўных прычын атлусцення гарадскіх жыхароў дактары лічаць
глабалізацыю харчавання. З росквітам супермаркетаў беларусы пачалі есці
паспешліва і тлуста – больш паўфабрыкатаў, замарожанага мяса, кансерваў і
салодкага.
Як распавяла Еўрарадыё дыетолаг Іна Ражок, атлусценне таксама звязана з алкагалізмам, беднасцю і паўсядзённай беларускай кухняй:
Іна Ражок: "У
алкаголі шмат лішніх калорый, якія некуды павінны адкладвацца. І,
натуральна, няправільнае харчаванне: па-першае, шмат ядзім, па-другое,
незбалансаваную ежу. Асабліва мы, беларусы, гэтым грашым. Традыцыі
беларускай кухні такія, што ў нас шмат тлустага і вугляводнага. Нашы
суайчыннікі ў асноўным ядуць бульбу, кашы, макароны, сала, вяндліны.
Паглядзіце на нашы прылаўкі - там суцэльныя каўбасы. Традыцыі беларускай
кухні пакідаюць след, а з-за эканамічных прычынаў гэта сітуацыя
пагаршаецца".
Па словах спецыяліста, атлусценне ў Беларусі штогод маладзее.
Іна Ражок: "Кожны
год рэгіструецца шмат атлусценняў, каля 3 тысяч чалавек, палова з якіх –
дзеці. Але, у прынцыпе, пасля 35 гадоў людзі схільныя да атлусцення
больш, таму што ўключаюцца і гарманальныя фактары".
Нацыянальны
Інстытут генетыкі і цыталогіі Акадэміі навук ўжо колькі год спрабуе
запусціць праект па барацьбе з атлусценнем, але ён усё яшчэ ў пачатковай
стадыі, таму інфармацыю і каментары па ім дзяржаўныя дыетолагі не
даюць. Затое распавядаюць, што спадчыннасць атлусцення – з’ява
перабольшаная.
"Ёсць натуральная схільнасць да гэтага, але яна не такая адназначная, – кажа вядучая супрацоўніца Інстытута генетыкі і цыталогіі Ніна Даніленка.
– Гэта так званая мультыгенная спадчыннасць, то бок шмат генаў звязаныя
з прыкметай атлусцення і паўнаты. Для 25 генаў гэта дакладна даказана,
але наогул разглядаюць ледзь не 200 генаў.Праявіцца прыкмета ці не,
залежыць ад ладу жыцця, спосабу харчавання, таму сувязь не жорсткая".
З-за
асаблівасцей нацыянальнага генатыпу, напрыклад, паўночныя народы, якія
ядуць вельмі тлустую ежу, не таўсцеюць. У беларусаў генатып іншы, таму
аб'ядацца не варта, адзначае Ніна Даніленка.
Яшчэ
адна прычына росту колькасці людзей з лішняй вагой, па словах Іны
Ражок, – зніжэнне даходаў. Таўсцее не той, хто шмат есць, а той, хто
есць няправільна, спажывае танныя і некарысныя прадукты.
Іна Ражок: "Добрыя
якасныя прадукты, садавіна, гародніна разнастайныя, а не толькі бульба,
буракі і морква – яны шмат каштуюць. Усё ж я думаю, што наш пражытачны
мінімум і сярэднестатыстычны даход на душу насельніцтва ніжэй, чым ва
Ўкраіне і Расіі".
Да таго ж вельмі
часта людзі ядуць, як у апошні раз. Чалавек чакае ад ежы задавальнення,
таму з'ядае больш, чым патрабуе яго арганізм. Дарэчы, механізмы
залежнасці ў наркаманаў і ў хворых на атлусценне, падобныя. Прычына, па
якой людзі злоўжываюць наркотыкамі — вылучэнне мозгам дэфаміну, які
з'яўляецца медыятарам шчасця. Калі яго пачынае не хапаць, чалавек
павялічвае дозу. Цукар і тлушчы маюць падобны эфект: чым больш
спажываеш, тым больш дэфаміну вылучаецца.
Каб не
набіраць лішнюю вагу, дыетолагі раяць есці рэгулярна, але не пераядаць,
пазбягаць паўфабрыкатаў і выпадковых "перакусаў", менш выпіваць і
ўжываць разнастайную ежу. А вось галадаць наадварот лекары не
рэкамендуюць.
"Калі мы змяншаем колькасць ежы,
спрабуючы скараціць калорыі, тады парушаецца і спажыванне карысных
рэчываў, – тлумачыць Іна Ражок. – У нас народ і так не даядае шмат
добрага, вітамінаў, мікраэлементаў, якаснага бялка і клятчаткі, ваду не
дапівае, а калі мы яшчэ скароцім і колькасць прадуктаў, якія змяшчаюць
гэтыя кампаненты, тады пагоршыцца сітуацыя з дэфіцытам і абмен рэчываў
яшчэ больш парушыцца".