Беларускія католікі сустрэлі Раство (фота)

Беларускія католікі сустрэлі Раство (фота)

Беларускія католікі сустрэлі Раство. 24 снежня, у святочную вігілію мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч узначаліў святую Імшу ў архікатэдральным касцёле Імя Найсвяцейшай Панны Марыі ў Мінску. У Імшы ўдзельнічалі шматлікія святары, парафіяне архікатэдры, госці і вернікі з усяго горада, паведамляе сайт сatholic.by

Таксама ў літургіі прымаў удзел Апостальскі візітатар для грэка-католікаў Беларусі архімандрыт Сяргей Гаек, Беларускую Праваслаўную Царкву прадставіў кіраўнік Аддзела адукацыі і катэхізацыі Мінскай епархіі протаіерэй Аляксандр Шымбалёў.

Звяртаючыся да ўдзельнікаў Эўхарыстыі, Мітрапаліт адзначыў, што “Хрыстос і сёння нараджаецца ў Касцёле і прыходзіць да нас у Святым Пісанні, сакрамэнтах, перадусім у Эўхарыстыі, прыходзіць у іншай дзейнасці Касцёла, асабліва праз учынкі міласэрнасці”.

Іерарх адзначыў, што Божае Нараджэнне “стала сапраўднай рэвалюцыяй у гісторыі чалавецтва, бо Сын Божы стаўся чалавекам для нас і нашага збаўлення, прынёс у гэты грэшны свет новы закон любові да бліжняга і адарыў яго збаўчай ласкай”.  

Тадэвуш Кандрусевіч таксама выступіў з крытыкай маралі сучаснага “ліберальнага свету”, які “вельмі часта не жадае мець з Хрыстом нічога супольнага і не хоча чуць Яго голасу, які заклікае да абуджэння сумлення, навяртання і жыцця паводле Яго вучэння”.

“У такой сітуацыі мы, хрысціяне, павінны даць рашучы адказ, кім Ён ёсць для нас. Толькі гістарычнай фігурай ці Тым, які жыве ў сваім Касцёле і вучэнне якога актуальнае і ў наш час?” — сказаў Тадэвуш Кандрусевіч.

Па словах арцыпатыра, “найбольш небяспечнай пагрозай для хрысціянства з’яўляецца рэлігійная абыякавасць хрысціян”. “У выніку гэтага мы самі сабе ствараем сітуацыю глыбокага маральнага крызісу і ў пэўным сэнсе нагадваем “Тытанік”, на якім, нягледзячы на набліжэнне катастрофы, аркестр граў да апошняй хвіліны, а пасажыры пілі шампанскае”, — заўважыў Мітрапаліт.

Арцыбіскуп павіншаваў з "радасным і збаўчым святам Нараджэння Хрыста" ўсіх католікаў, хрысціян іншых веравызнанняў, якія адзначаюць яго ў гэты дзень, братоў і сясцёр праваслаўных, якія ў хуткім часе будуць святкаваць Божае Нараджэнне, і ўсіх людзей добрай волі.

Словы віншавання прагучалі не толькі на беларускай, але і на рускай, польскай, літоўскай, латышскай, украінскай, венгерскай, нямецкай, італьянскай, французскай, іспанскай і англійскай мовах.

Пасля заключнага благаслаўлення адбылося асвячэнне аплатак. Удзельнікі Эўхарыстыі падзяліліся імі ў знак еднасці і склалі адзін аднаму віншаванні.

Фота: catholic.by